Маці загінулага на Валадарцы Ігара Пцічкіна: «Следства зрабіла майго сына наркаманам і алкаголікам»

Маці загінулага ў следчым ізалятары на Валадарцы ў жніўні 2013 года Ігара Пцічкіна, атрымала з Генеральнай пракуратуры чарговую адпіску.



ihar_pciczkin1.jpg

Сутнасць адказу — што скарга Пцічкінай паступіла ва Упраўленне генеральнай пракуратуры па нагляду за выкананнем заканадаўства Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь. І што зараз крымінальная справа запатрабаваная Генпракуратурай для паўторнага вывучэння з улікам прыведзеных спадарыняй Пцічкінай довадаў. Адказ падпісаны начальнікам Упраўлення І.Г. Сеўруком, распавяла Жанна Пцічкіна. У сваёй скарзе на імя генеральнага пракурора Аляксандра Канюка Жанна Пцічкіна пісала, што ў справе шмат супярэчнасцяў:
«Па сутнасці, фельчар СІЗА Аляксей Крылоў, які прывязаў у суботу аб 11-й раніцы майго сына і ні разу цягам сутак, да раніцы нядзелі, не падышоў да Ігара, не аказаў яму медычную дапамогу, не паклікаў дзяжурнага лекара — апраўданы. Следства адмаўляе, што мой сын быў жорстка збіты, хаця на яго целе — шматлікія гематомы, драпіны, раны, сляды ад вяровак. Усё гэта было зафіксавана пасля смерці Ігара, ёсць дакументы, заключэнні экспертызы і фотаздымкі. Я лічу, што яго катавалі ў СІЗА. А ў выніку следства зрабіла майго сына наркаманам і алкаголікам — быццам бы ў яго была «ломка». 
Справа Ігара Пцічкіна складаецца з 20 тамоў. Жанна Пцічкіна вывучала яе цягам месяцу: 
«Я хадзіла кожны дзень ў Следчы камітэт як на працу, па 7-8 гадзін чытала і выпісвала асобныя фрагменты — зрабіць копію мне не дазволілі. Да таго ж, забаранілі разгалошваць падрабязнасці. Калі мой сын, паводле версіі следства — наркаман і алкаголік, дык чаго яны тады баяцца? Я буду дамагацца новага расследавання справы. Буду звяртацца ў Вярхоўны суд Беларусі, у міжнародныя суды».
21-гадовы Ігар Пцічкін памёр на «Валадарцы» ў жніўні 2013 году. Паводле афіцыйных дакументаў, смерць адбылася з-за болевага шоку і сардэчнай недастатковасці. Следчы камітэт, які вёў крымінальную справу, прыйшоў да высновы, што Ігар Пцічкін ужываў наркотыкі, а таксама быў датычны да іх распаўсюджвання. Сваякі Ігара Пцічкіна мяркуюць, што ён памёр ад збіцця ў СІЗА і неаказання яму медычнай дапамогі, і спасылаюцца на шматлікія сляды збіцця на яго целе.

svaboda.org