Магілёўская міліцыя пакуль не змагла вызначыцца па справе журналіста Аляксандра Буракова
У Ленінскім РАУС Магілёва 23 верасня не змаглі даць незалежнаму журналісту Аляксандру Буракову ніякай інфармацыі аб перспектывах яго адміністрацыйнай справы і зноў выклікалі яго позвай у райаддзел.
Як ужо паведамлялася, раніцай 16 верасня сем супрацоўнікаў міліцыі правялі ў кватэры журналіста вобыск. Яны забралі два ноўтбукі, якія належаць жонцы Буракова. Таксама вобыск быў праведзены ў кватэры бацькоў Буракова, дзе міліцыянеры забралі два сістэмныя блокі камп'ютараў. У пастанове на вобыск указана, што Буракоў супрацоўнічаў з сайтам радыё "Нямецкая хваля" без акрэдытацыі. Пасля журналіст быў абвінавачаны ў незаконным вырабе і распаўсюджванні СМІ. 23 верасня Буракоў абавязаны быў з'явіцца ў Ленінскі РАУС Магілёва, дзе яму меліся паведаміць аб перспектывах яго адміністрацыйнай справы.
Буракоў паведаміў БелаПАН, што міліцыянер Уладзімір Пугачоў, які вядзе справу, без якіх-небудзь тлумачэнняў уручыў яму позву на 30 верасня як асобе, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны
працэс.
Праваабаронца Барыс Бухель звязвае такое зацягванне з разглядам справы са скаргамі Буракова на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія канфіскавалі ў яго аргтэхніку, у розныя інстанцыі, у прыватнасці ў
пракуратуру.
У сваю чаргу Буракоў мяркуе, што ўся сітуацыя была знарок створана пад візіт прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуні Міятавіч, і зараз ужо мала каго ў міліцыі хвалюе, чым усё скончыцца.
"Па зносінах з Пугачовым відаць, што гэта не ён прымае рашэнне па маёй справе", — сказаў журналіст. Паводле яго слоў, супрацоўнік міліцыі паабяцаў найбліжэйшым часам вярнуць
ноўтбукі жонкі. Сістэмныя блокі, канфіскаваныя ў яго бацькоў, чакае экспертыза.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН