Марафон «Вітаўт» пад пагрозай: арганізатары не могуць аплаціць паслугі міліцыі
14 красавіка ля сцен Крэўскага замка мусіў стартаваць ультра-трэйл і веламарафон "Вітаўт", а таксама спаборніцтвы "Жук-трэйл #11 Крэва", паведамляе «Еўрарадыё».

Афіша марафону
Але цяпер спартыўныя мерапрыемствы пад пагрозай: міліцыя выставіла арганізатарам суму ў 225 базавых велічынь (5,7 тысячы рублёў) за ахову масавага мерапрыемства.
"Бягучы аб'ём сабраных стартавых узносаў — 5692,8 рублёў. Правесці старт з такімі дадатковымі выдаткамі мы не зможам. Калі мерапрыемства праводзіцца сумесна з органамі ўлады, то плаціць за ахову не трэба. Вось у гэтым "сумесна" нам у пятніцу адмовілі, пасля перамоваў, якія доўжыліся два месяцы", — напісала ў Фэйсбуку адна з арганізатараў Святлана Манастырская.
Планавалася, што ўдзельнікі мерапрыемства прабягуць 42 км або праедуць 80 км на роварах сярод гістарычных славутасцяў і сучасных ветрагенератараў.