Марш недармаедаў пойдзе на плошчу Бангалор

Да такога рашэння прыйшоў сёння аргкамітэт правядзення Маршу недармаедаў, запланаванага на 15-га сакавіка ў Мінску.

55cb9946_6c71_4088_9716_2b691eb1346a_w987_r1_s.jpg

Вырашылі, што збор удзельнікаў акцыі будзе ля Нацыянальнай акадэміі навук, а затым яны пойдуць да плошчы Бангалор.

Адказваючы на пытанне, чаму выбраны такі маршрут, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў:

«Справа ў тым, што гэты маршрут ужо ўлада дазваляла. Мы спадзяёмся, што ў акцыі прыме ўдзел шмат людзей, якія раней не ўдзельнічалі ў падобных мерапрыемствах. Вось дзеля таго, каб не было нейкіх дадатковых складанасцяў, мы вырашылі ісці маршрутам Акадэмія навук — плошча Бангалор, хоць шмат каму з арганізатараў акцыі ён не даспадобы. Але нам важна прыцягнуць да акцыі як мага больш людзей».

Акрамя акцыі ў Мінску, на 19-га лютага запланаваная акцыі ў Магілёве і Гомелі. На пытанне журналістаў, ці магчыма арганізаваць акцыі ў іншых месцах і рэгіёнах Беларусі, кіраўнік арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак адказаў, што «магчыма — мы будзем сачыць за сітуацыяй. Спадзяёмся, што да гэтай акцыі далучацца і ў іншых гарадах, напрыклад у Віцебску, Оршы, Бабруйску, некаторых іншых. Час пакажа адрасы будучых акцыяў».

Не плаціць падатак за дармаедства заклікаў актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі. Ён заявіў, што БХД падчас збору подпісаў за адмену прэзідэнцкага дэкрэту аб дармаедстве раіць людзям не аплочваць штраф, а абскарджваць такія рашэнні.

«Чым больш людзей не заплаціць падатак, тым болей шанцаў, што дэкрэт адменяць», — кажа Садоўскі.

Старшыня Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч, які таксама ўдзельнічаў у пасяджэнні аргкамітэту, паведаміў “Радыё Свабода”, што ўжо сабрана 15 тысяч подпісаў за адмену дэкрэту аб дармаедах: 13,5 тысячы подпісаў існуюць у электронным выглядзе, 1,5 тысячы — у пісьмовым.

www.svaboda.org