Масленіца: з затрыманнямі і крэатывам
Сёння беларусы адзначалі Масленіцу. З гэтай нагоды прайшлі афіцыйна арганізаваныя і неарганізаваныя мерапрыемствы.

На афіцыйным свяце ля Палаца спорту ў Мінску 13 сакавіка цалкам адкрыта, не хаваючыся, і пад воплескі шматлікіх гледачоў было спаленае чырвона-зялёнае пудзіла, і нават з арнаментам. Нагадаем, што двума тыднямі раней у Маладзечанскім раёне на прыватным падворку былі затрыманыя людзі, віна якіх, паводле тлумачэнняў міліцыі, палягала ў тым, што яны планавалі спаліць пудзіла «ў колерах дзяржаўнага сцяга».
Але пра затрыманні «падпальшчыкаў» ля Палацу спорту не паведамляецца. Затое 14 сакавіка былі затрыманыя 6 чалавек ва Уруччы, на месцы Музея валуноў. У сувязі з чым адбыліся затрыманні, не паведамляецца.
Тэлеграм-канал «Спісы затрыманых» паведаміў, што Наталля Аляхновіч, Уладзіслаў Іода, Ганна Кавалёва, Дзмітрый Сарока, Дзмітый Сочыўка і Святлана Хіневіч дастаўленыя на Акрэсціна.
У той жа час беларусы адзначалі Масленіцу даволі крэатыўна. Партал TUT.BY апублікаваў некалькі фотаздымкаў, дасланых чытачамі.



