Мікалай Аўтуховіч: Следчыя яшчэ больш заблыталі «справу Даната Скакуна»

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч распавёў, што ў бліжэйшыя дні бацькі гімназіста, якога абвінавацілі ў нападзе на настаўніцу, правядуць прэс-канферэнцыю.

donat_1024x576.jpg

Нагадаем, напад на настаўніцу мінскай гімназіі адбыўся ў траўні 2016 года. Жанчына атрымала 17 ран.

За замах на яе забойства быў затрыманы гімназіст Данат Скакун. Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе васьмі гадоў выхаваўчай калоніі. Не так даўно Вярхоўны суд пакінуў рашэнне ніжэйшых інстанцый у сіле. А 21 верасня супрацоўнікі Следчага камітэта правялі адмысловую прэс-канферэнцыю па “справе Скакуна”.

Яшчэ раней прадстаўнікі СК казалі, што на прэс-канферэнцыі будуць прадстаўлены пераканаўчыя доказы вінаватасці Даната Скакуна. Вы іх пачулі?

 — Нічога новага там не было, — распавёў “Радыё Рацыя” Мікалай Аўтуховіч.  — Больш за тое! Як мне падаецца, следчыя яшчэ больш заблыталі справу. Напрыклад, журналістам было заяўлена, што маецца відэазапіс таго, што Данат добраахвотна прызнаўся ў здзейсненым злачынстве. Вядома, што пасля таго прызнання да хлопца пайшоў адвакат. Пасля сустрэчы ён папрасіў бацькоў гімназіста, што трэба пісаць зварот, каб правялі экспертызу Даната на прадмет знаходжання псіхатропаў у арганізме. Таму што школьнік быў непазнавальны. Чаму ж не паказалі відэа? Данат сам папрасіўся даць паказанні альбо на яго цэлую ноч ціснулі?

— Гімназіст прайшоў праверку на дэтэктары хлусні, які паказаў, што хлопец не збіраўся забіваць настаўніцу…

— І што адказалі на гэта эксперты на прэс-канферэнцыі? Маўляў, «з-за нязначных псіха-фізіялагічных рэакцый Даната Скакуна на пытанні, адказаць катэгарычна на пытанне, ці здзейсніў ён злачынства, не прадстаўялецца магчымым». А чаму тады настаўніца не захацела прайсці праверку на прадмет сваіх паказанняў? Было ж хадайніцтва бацькоў да суда, каб той абавязаў правесці такую праверку на дэтэктары. Але ж і суд адмовіў, і настаўніца адмовілася. Чаго баялася, калі казала праўду?

— Бацькі Даната Скакуна будуць абскарджваць рашэнне Вярхоўнага суда?

 — Такая магчымасць ёсць, а ў бліжэйшы час бацькі Даната збіраюцца правесці прэс-канферэнцыю. Там будуць таксама юрысты і спецыялісты, якія распавядуць пра тое, пра што так і не сказалі следчыя. Увогуле, у нас ёсць 45 пытанняў да следства і суда, на якія мы хацелі б атрымаць канкрэтныя адказы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя