Мінабароны праводзіць чарговыя вучэнні

На гэты раз правяраюцца сістэмы сувязі і сілы радыёэлектроннай барацьбы.

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/mod.mil.by

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/mod.mil.by


Міністэрства абароны 13 і 14 ліпеня праводзіць штабныя вучэнні з органамі кіравання і воінскімі часткамі радыёэлектроннай барацьбы.
Як паведамляе прэс-служба абароннага ведамства, адпрацоўваецца «планаванне баявога прымянення і баявой працы сіл РЭБ». Ініцыятары вучэння хочуць «павысіць зладжанасць органаў кіравання і воінскіх частак». Камандзіры і службовыя асобы штабоў «удасканаляць навыкі па кіраванні воінскімі часткамі і падраздзяленнямі ва ўмовах складанай абстаноўкі, якая хутка змяняецца».
Плануецца, што падраздзяленні адпрацуюць поўны цыкл баявой працы па пошуку, вызначэнні месцазнаходжання і радыёэлектронным падаўленні крыніц радыёвыпраменьвання, супрацьдзеянні БЛА, а таксама правядуць мерапрыемствы комплекснага тэхнічнага кантролю.
Акрамя таго, Мінабароны паведамляе, што з 11 па 15 ліпеня пад кіраўніцтвам генерал-маёра Алега Мішчанкі праводзяцца планавыя кантрольныя заняткі па тактыка-спецыяльнай падрыхтоўцы з войскамі сувязі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Плануецца адпрацаваць «пытанні нарошчвання і функцыянавання сістэмы сувязі Узброеных Сіл у рамках планамернай падрыхтоўкі войскаў сувязі да камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл».