Мінаховы здароўя: беларусам трэба насіць маскі ў крамах, грамадскім транспарце
У Беларусі абавязковы масачны рэжым уведзены толькі ў Бялыніцкім і Кіраўскім раёнах Магілёўшчыны, нагадвае «Еўрарадыё».

Беларусаў заклікаюць не самазаспакойвацца, паколькі "вірус працягвае цыркуляваць", і насіць ахоўныя маскі ў грамадскім транспарце, крамах, банках і г. д. Пра гэта БЕЛТА заявіла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі міністэрства Іна Карабан. Паводле яе слоў, у некаторых рэгіёнах краіны сітуацыя з COVID-19 паляпшаецца, але трэба ў месцах масавага збору людзей "абавязкова насіць маскі і выконваць меры сацыяльнага дыстанцыянавання".
А вось у парках, скверах, дзе ёсць магчымасць сацыяльна дыстанцыянавацца, насіць ахоўныя маскі немэтазгодна, кажа Карабан.
Прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя нагадвае, што выкарыстанне масак не толькі дазваляе чалавеку абараніць сябе ад заражэння, але і іншых людзей, паколькі існуюць выпадкі бессімптомнага працякання інфекцыі. Медыкі таксама раяць насіць акуляры, якія могуць абараніць вочы.
На 5 чэрвеня ў нашай краіне зарэгістравана 46 868 выпадкаў COVID-19, памерлі 259 чалавек.
Абавязковы масачны рэжым уведзены толькі ў Бялыніцкім і Кіраўскім раёнах Магілёўшчыны.