Каб трапіць у ЕС, беларусам давядзецца зрабіць платны тэст на COVID-19
Беларусь пакуль што не трапіла ў спіс краін, для якіх Еўрасаюз вырашыў адкрыць межы. Аднак нашы суграмадзяне ўсё ж могуць выехаць за заходнюю мяжу, паведамляе «Еўрарадыё».
ЕС дазволіў уезд у свае межы грамадзянам дзяржаў, у якіх колькасць заражэнняў COVID-19 не перавышае 25 чалавек на 100 тысяч жыхароў. У Беларусі пакуль што — больш за 470 чалавек на 100 тысяч.
Але ў адпаведнасці з рэкамендацыяй СААЗ краіны ЕС могуць прымаць грамадзян з такіх краін пры наяўнасці даведкі аб адсутнасці каранавіруса. "Міністэрства аховы здароўя Беларусі распрацавала такія даведкі на падставе рэкамендацый СААЗ на рускай і англійскай мовах і гатовае выдаваць па неабходнасці", — паведамляе Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый.
Экспрэс-тэст будзе платным: для грамадзян Беларусі — 41 рубель, для замежнікаў — 56. Падставай для яго правядзення і выдачы адпаведнай даведкі будзе аплачаны квіток у краіну ЕС і назад.
Цяпер Мінздароўя вызначае пералік паліклінік, дзе можна будзе здаць тэст і атрымаць даведку.
euroradio.fm