Польшча накіравала ў Беларусь 300 тонаў гуманітарнай дапамогі
47 грузавікоў з 300 т гуманітарнай дапамогі для барацьбы з эпідэміяй COVID-19 адправіліся з Польшчы ў Беларусь у чацвер, 4 чэрвеня. У пятніцу, 5 чэрвеня, груз прыбудзе на Гродзеншчыну і ў Мінск.
47 грузавікоў з 300 т гуманітарнай дапамогі для барацьбы з эпідэміяй COVID-19 адправіліся з Польшчы ў Беларусь у чацвер, 4 чэрвеня. У пятніцу, 5 чэрвеня, груз прыбудзе на Гродзеншчыну і ў Мінск, паведамляе прэс-служба пасольства Польшчы.
Грузавікі вязуць 1000 м3 грузу, у тым ліку маскі, лекі, тэсты на наяўнасць каронавіруса, сродкі індывідуальнай аховы, а таксама апараты ШВЛ.
— Гэта ўжо другая партыя гуманітарнай дапамогі, прызначаная для Беларусі. З беларусамі нас аб'ядноўвае не толькі агульная мяжа. Гэта і агульная гісторыя, суседства, якое на працягу стагоддзяў спрыяе развіццю адносін, рэалізацыі праектаў і паглыбленню супрацоўніцтва, — сказаў дзяржсакратар канцылярыі прэм'ер-міністра Міхал Дворчык. Ён падкрэсліў, што гэта найбуйнейшая партыя гуманітарнай дапамогі ў гісторыі сучаснай Польшчы.
Дапамога адрасавана найбольш тым людзям, якія жывуць у нястачы. Яна будзе перавезена грузавікамі Дзяржаўнай супрацьпажарнай службы, Дзяржаўнай паліцыі і Памежнай службы, а затым дастаўлены ў бальніцы Гродзенскай вобласці і Мінска. Плануецца, што грузавікі перасякуць мяжу ў пятніцу, 5 чэрвеня, каля 6:30 раніцы ў пункце пропуску "Кузніца Беластоцкая-Брузгі" і прыбудуць у Мінск у гэты ж дзень. У Мінску груз сустрэнуць прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства замежных спраў і Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь.
Першая партыя гуманітарнай дапамогі прыбыла ў Беларусь 24 красавіка. Тады прывезлі дэзінфікуючыя сродкі (50 тыс. літраў), антысептыкі (30 тыс. літраў) і хірургічныя маскі (100 тыс. штук), неабходныя для барацьбы з распаўсюджваннем эпідэміі COVID-19.
У цырымоніі афіцыйнай перадачы гуманітарнай дапамогі ў Варшаве 4 чэрвеня прыняў удзел Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Уладзімір Чушаў. Аказваючы падтрымку Рэспубліцы Беларусь у барацьбе з пандэміяй віруса COVID-19, Польшча праяўляе добрасуседскую Салідарнасць і такім чынам выконвае абавязацельствы па дамове паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь аб добрасуседстве і прыязным супрацоўніцтве, падпісаным у 1992 г.