«Санаторый пад клепсідрай»: Польская паэзія сёння
Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў «сучаснікамі», а замежных сучаснікаў «землякамі». Што і пакажа цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы.
Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх ёсць і нобелеўскія лаўрэаты і лаўрэаткі. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.
Падчас сёмай сустрэчы Андрэй Хадановіч прачытае лекцыю пра сучасную польскую паэзію; раскажа пра розныя пакаленні і стылістыкі, самыя знакавыя паэтычныя кнігі, найбольш уплывовыя ў Польшчы фестывалі і ўзнагароды, выдавецтвы і перыядычныя выданні, што падтрымліваюць сённяшніх паэтаў і паэтак. Ён прадставіць некалькі постацяў самых знакамітых жывых польскіх лірыкаў, пачытае іх вершы ў арыгінале і ў перакладзе, пакажа іх зборнікі ды іншыя публікацыі, якія выходзілі ў апошнія гады па-беларуску.
На лекцыі прагучаць вершы Рышарда Крыніцкага, Эвы Ліпскай, Богдана Задуры, Пятра Мітцнэра, Лешка Энгелькінга, Эўгеньюша Ткачышына-Дыцкага, Дароты Коман, Марціна Сэндэцкага, Войцеха Бановіча, Яцака Гутарава, Томаша Ружыцкага, Юліі Фядорчук, Юстыны Баргельскай, Тадэвуша Дамброўскага, Ілоны Віткоўскай у перакладах Андрэя Хадановіча ды іншых беларускіх паэтаў-перакладчыкаў.
Сустракаемся ў прамым эфіры традыцыйна ў аўторак — 9 чэрвеня а 17-й на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку.
Задавайце пытанні і дзяліцеся меркаваннямі!
Польскі Інстытут у Мінску у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй цалкам пераносіць сваю дзейнасць у віртуальную прастору. У сувязі з гэтым сачыць за інфармацыяй і падзеямі можна на сайце і старонках інстытута ў сацыяльных сетках:
instytutpolski.pl
facebook.com
#Заставайсядома – культура прыйдзе да Цябе!