Мінчанку судзяць за блакаванне дарог. Са следчых дзеянняў яе забралі ў бальніцу і паклалі пад кропельніцу

Суд Цэнтральнага раёна 9 красавіка пачаў разгляд крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць 33-гадовай мінчанкі Юліі Якубовіч. Яе абвінавачваюць у блакаванні дарог на Раманаўскай Слабадзе ў Мінску, за тое, што дзяўчына з групай людзей двойчы каля хвіліны пастаяла на пешаходным пераходзе са сцягамі.

Юлія Якубовіч перад працэсам 9 красавіка. Фота: spring96.org

Юлія Якубовіч перад працэсам 9 красавіка. Фота: spring96.org

«Мінсктранс» шкоды не налічыў. Пасля затрымання ў канцы студзеня Юлію дапытвалі на працягу некалькіх дзён, падчас следчых дзеянняў 2 лютага дзяўчына страціла прытомнасць ад знясілення і абязводжвання — яе шпіталізавалі і змясцілі пад кропельніцу. Потым маладую маму пасадзілі на два месяцы пад хатні арышт. На судзе Юлія Якубовіч сваю віну не прызнае. Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня. «Вясна» назірае за гэтым працэсам і распавядае яго абставіны.

Злачынства без шкоды. У чым яе абвінавачваюць?

Паводле версіі абвінавачання, Юлія Якубовіч у снежні 2020 года і студзені 2021 года ў Мінску на вуліцы Раманаўская Слабада «ў межах несанкцыянаванай акцыі сумесна з іншымі асобамі ўдзельнічала ў перакрыцці праезнай часткі дарогі і блакаванні руху транспарту». Пры гэтым, абвінавачаная публічна выкрыквала лозунгі, здзяйсняла воплескі рукамі, выкарыстала сцягі і транспаранты.
«Дзеянні Якубовіч пацягнулі за сабой парушэнне графіка і маршруту руху пасажырскага, камерцыйнага і грамадскага транспарту, у тым ліку аўтобусаў і тралейбусаў КУП "Мінсктранс"», — гаворыцца ў абвінавачанні.
Пры гэтым, КУП «Мінсктранс» не налічыў матэрыяльнай шкоды Якубовіч.
Юлія віну не прызнае. Яна падцвярджае, што выходзіла на дарогу, але, на яе думку, сваімі дзеяннямі яна парушыла толькі правілы дарожнага руху.

Юлія Якубовіч перад працэсам 9 красавіка. Фота: spring96.org

Юлія Якубовіч перад працэсам 9 красавіка. Фота: spring96.org



Як затрымалі дзяўчыну?

27 студзеня ў кватэры сям'і Якубовіч правялі ператрус, пасля якога затрымалі саму Юлію і змясцілі на Акрэсціна, дзе яна правяла 6 сутак. Кожны дзень дзяўчыну вазілі на допыты. Падчас следчых дзеянняў 2 лютага Юлія страціла прытомнасць, пасля чаго была шпіталізаваная і некаторы час знаходзілася пад кропельніцай.
«Я шчыра не разумею, як так можна абыходзіцца з чалавекам, з жанчынай, каб яна страціла прытомнасць і трапіла ў бальніцу. Мне сказалі, што Юля вельмі моцна знясіленая, абязводжаная і стамілася. Яна ляжыць пад кропельніцай», — пракаментаваў тады сітуацыю Валерый, муж Юліі Якубовіч.
Потым маладую маці пасадзілі на два месяцы пад хатні арышт.
Судовы працэс працягваецца.