Мінчука затрымалі за падпіску на Telegram-канал, аштрафавалі на 1350 рублёў
Жыхар Мінску, 34-гадовы бацька дваіх дзяцей Сяргей Лук’янаў расказаў «УКантакце» пра гвалтоўнае затрыманне «людзьмі ў цывільным» у сваёй жа кватэры і пра штраф за «непадпарадкаванне» і «абразу» праваахоўнікаў, піша svaboda.org.
Паводле Сяргея Лук’янава, 29 чэрвеня каля поўдня да яго ў кватэру пагрукалі «людзі ў цывільным» (ён піша, «ад 5 да 7 чалавек»), якія назваліся міліцыянтамі. Ён прачыніў дзверы, тыя сталі «ламіцца» ў кватэру.
Цяжарная жонка спужалася, таму ён стаў прытрымліваць дзверы, каб жонка паспела пайсці ў іншы пакой, піша Лук’янаў. Ён паведаміў, што ў кватэры цяжарная жонка і малыя дзеці, але «людзі ў цывільным» усё роўна працягвалі «ламіцца», уварваліся ў кватэру, павалілі яго на падлогу, заламалі рукі, ужылі здушальны прыём.
Жонцы стала кепска, дзеці заплакалі, але «людзі ў цывільным» не адразу пагадзіліся выклікаць «хуткую», а ў самаго Лук’янава забралі тэлефон, піша ён. Лекары не пагадзіліся забраць разам з жонкай дзяцей, і яна адмовілася ехаць у лякарню, бо тады не было б на каго іх пакінуць. Жонцы далі таблетку і з'ехалі, сцвярджае мужчына.
Як высветлілася, піша Лук’янаў, «людзі ў цывільным» збіраліся правесці ператрус, бо нібыта яму інкрымінавалі «заклік да гвалтоўнага зрынання ўлады» за ўдзел у Telegram-канале «Армия с народом» (на момант публікацыі ў тым канале няма такіх заклікаў).
У выніку мужчына, як ён сцвярджае, правёў дзень у ізалятары часовага ўтрымання і быў аштрафаваны на 1350 рублёў, застаўся без тэлефона і іншых сродкаў сувязі.
Да паста ён далучыў фота пастановы аб адміністрацыйным правапарушэнні. З яе відаць, што суддзя Віктар Шаўцоў разглядаў справу аб абразе супрацоўніка ГУБАЗіК (упраўленне барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю не адносіцца да міліцыі, якой назваліся «людзі ў цывільным») Р.Н. Кіжапкіна.
Лук’янаў, паводле той пастановы, быў затрыманы за абразу Кіжапкіна падчас «агляду месца здарэння», але якога, не ўдакладняецца. Таксама Лук’янаў «адмовіўся ад правядзення агляду ягонага жытла на падставе пастановы, падаў на падлогу, выштурхаў з кватэры, хапаўся за адзенне».
Дзеянні Лук’янава кваліфікавалі паводле артыкулаў 23.4 і 23.5 КаАП («непадпарадкаванне законнаму патрабаванню» і «абраза службовай асобы»). На фота пратаколу відаць толькі, што па першым артыкуле выпісаны штраф у 675 рублёў, выраку паводле другога не відаць. Прычына ператрусу ў пратаколе не згадваецца.
Tut.by адзначае, што раней да яшчэ аднаго мінчука прыходзілі для ператрусу ў сувязі з падпіскай на канал «Армия с народом». Супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі ў яго дома не ператрус, а «агляд», але канфіскавалі кампутар.
У сувязі з гэтым здарэннем прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава адмовілася ад каментароў, заявіла толькі, што МУС праводзіць «маніторынг» інтэрнэт-рэсурсаў, у якіх заклікаюць да незаконных дзеянняў, і паабяцала раскрыць падрабязнасці на анлайн-брыфінгу.