«У кожнага ёсць свой пункт кіпення». Дзяніс Дудзінскі расказаў, чаму ўступіўся за краму Symbal.by

Папулярныя вядоўцы Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Раецкая сёлета не будуць весці «Славянскі базар». Прычынай, як лічыць Дзяніс, стаў пост у сацсетках пра затрыманні людзей у чарзе да крамы Symbal.by. З Дзянісам Дудзінскім пагутарыў карэспандэнт «Свабоды».

Дзяніс Дудзінскі ў чарзе каля крамы Symbal.by

Дзяніс Дудзінскі ў чарзе каля крамы Symbal.by

— Як вы даведаліся, што вас з Кацярынай адхілілі ад вядзення «Славянскага базару»?

— Нам патэлефанавала наша любімая рэжысэрка конкурсу Марына Раманоўская, якая заўсёды была за нас, і сказала: «Вось так вось». Уласна, не трэба было нічога далей казаць. Мы ўбачылі званок і зразумелі, што зараз пойдзе размова не пра тое, у якіх касцюмах мы будзем стаяць на сцэне. Калі мы паднялі слухаўку, то адразу сказалі: «Напэўна, вы нам тэлефануеце адносна...» І там было ўсё зразумела. У мяне гэта быў пятнаццаты год вядзення конкурсу, а ў Кацярыны — пяты.

— Для вас гэта вялікае расчараванне, што вы не зможаце весці «Славянскі базар»?

— Шкада, што так атрымліваецца. Але ў любым выпадку як дарослы мужчына здаваў сабе справу, што калі я размяшчаю такі пост, то будуць нейкія санкцыі. То бок усе маюць права на ўсё. Калі я маю права выказаць сваю думку, то нехта мае права не пагадзіцца з гэтай думкай і, канечне ж, адхіліць ад нейкіх дзеянняў. Усё было зразумела.

— То-бок прычынай быў гэты пост пра затрыманні ў чарзе да крамы Symbal.by?

— Пра гэта адкрыта не гаварылася. Але мая думка, што, хутчэй за ўсё, так.

А чаму вы вырашылі напісаць такі пост, выказацца на тэму затрыманняў?

— Я звычайна выказваюся на тыя тэмы і пра тыя дзеянні, сведкам якіх я стаў, дзе я магу адказваць за свае словы і ўчынкі. Мае бацькі жывуць у раёне крамы «Акіян», маці ходзіць гэтай дарогай на рынак. І тое, што адбылося каля крамы Symbal.by, мяне вельмі абурыла. І тое, што я потым бачыў на відэа, і тое, пра што казалі людзі: нельга біць упяцёх аднаго, незалежна ад таго, што гэты адзін робіць. Упяцёх нельга. Не важна, ты братва з Шабаноў ці ты АМАП, які знаходзіцца ў дадзены момант на службе. Нельга. Нельга прыніжаць жанчыну. Нельга хапаць за рукі сталага чалавека. Гэта нельга рабіць. Гэта мяне абурыла, і, адпаведна, я выклаў такі пост.

— І пасля гэтага вы яшчэ самі сталі ў чаргу да крамы Symbal.by?

— Так. Справа ў тым, што ў гэтай краме, паколькі яна побач і там ёсць цудоўная гарбата, я набываў гарбату, і я зразумеў, што мне трэба проста элемэнтарна сваімі вачыма ўбачыць, што і як адбываецца. Я стаў у чаргу і набыў любімую гарбату. І за гэта я ўдзячны гаспадарам крамы.

Але ад вядзення «Славянскага базару» адхілілі і Кацярыну. Яна вас неяк падтрымала?

— Яна, канечне ж, падтрымала, хоць сітуацыя крыху іншая. Каця, як жонка дзекабрыста, як яе назвалі ў сацсетках, пайшла следам за мужам.

— Як вы ставіцеся да такіх санкцый, якія былі ўжытыя не толькі адносна вас, але і адносна Меліціны Станюты, якую адхілілі ад вядзення спартовай рубрыкі, адносна вядоўцы тэлеканалу АНТ Дзмітрыя Кахно?

— Ставіцца да гэтага вельмі складана. Любы канал, зразумела, любы працадаўца заўсёды знойдзе прыгожае, граматнае тлумачэнне. Што насамрэч там адбываецца, мы ніколі не даведаемся. Але лічыць усё гэта простым супадзеннем было б глупствам. Мы разумеем, чаму цяпер вядоўцаў адхіляюць ад эфіраў, чаму адхіляюць вядоўцаў ад працы, чаму выкрэсліваюць адусюль артыстаў: проста гэта перастрахоўка і на ўсялякі выпадак. Як бы чаго не выйшла. Як бы гэты чалавек са сцэны ці ў жывым эфіры не заклікаў, не выгукнуў лозунг, не пачаў агітаваць.

— Як вы думаеце, гэта праява цэнзуры?

— Трэба разумець, што ўсе вядоўцы працавалі на дзяржканалах. І тут дзяржаўны — гэта галоўнае слова. І ты павінен быць гатовы, калі ты хоць бы на адну цалю закранаеш дзяржструктуру, то ў дадзены момант для дзяржтэлебачання, дзяржмерапрыемстваў, дзяржканалаў ты становішся чалавекам пад пытаннем. І кожны вядоўца не павінен крыўдзіцца, ён павінен разумець, што гэта дзяржканал. Калі б ты працаваў не на дзяржаўным тэлеканале — я не ведаю, ці ёсць у нас такія, — ты меў бы права казаць усё што заўгодна. А паколькі ты працуеш на дзяржканале, то ў цябе ёсць два варыянты: альбо ты павінен захоўваць лаяльнасць і выказвацца ў гэтым духу, альбо ты павінен проста не выказвацца, нават калі ў цябе ўнутры нешта накіпела. Гэта нармальная практыка, я думаю, што такая практыка ў любой краіне. Нельга недзе на тэлеканале ў Аўстраліі сказаць: «Урад, вон, далоў!» Тады ты не будзеш працаваць на дзяржканале, ты пойдзеш на прыватны. Калі на прыватным канале, які належыць Джону Сміту, ты скажаш, што Джон Сміт дрэнны, то ты не будзеш працаваць на канале Джона Сміта.

— Дык цяпер вы не будзеце пісаць падобных пастоў, калі здарыцца нешта накшталт той сітуацыі каля крамы?

— Я буду пісаць. Тое, што я захачу, я буду пісаць, і гэта не залежыць ад таго, што са мной будзе далей. Калі я стану канкрэтным сведкам нейкай гадасці, якая адбываецца. Раней я напісаў пост, як у пясочніцу прывезлі пясок і засыпалі яе разам з усімі цацкамі. Гэта з той жа катэгорыі: калі я гэта бачу, я пра гэта напішу. Калі я ўбачу, што пясочніцу засыпалі, я напішу. Калі я ўбачу, што ў Шабанах дарослыя дзядзькі бʼюць жанчыну, я пра гэта напішу. Калі я ўбачу, што чаргу ў краму разганяюць трактарам, я пра гэта напішу.

— Ці не збіраецеся вы пакінуць супрацу з дзяржаўным тэлеканалам?

— На БТ-1 я працаваў у праграме «Добрай раніцы, Беларусь». Такі фармат праграмы ёсць практычна ў кожнай краіне. Яна не мае дачынення ні да палітыкі, ні да выбараў, ты працуеш з 6 да 9 раніцы, будзіш людзей, расказваеш пра сабачак, коцікаў, пра пафарбаваныя лаўкі і пасаджаныя клумбы. Гэтая праца мне вельмі падабалася, найперш таму, што гэта жывы эфір. Па-другое, я вельмі люблю сваю сувядоўцу Святлану Бароўскую, з якой заўсёды цудоўна працаваць. І якое ў нас у гэтай праграме цудоўнае начальства, якое перажывае і змагаецца за цябе да канца! Мы сябруем даўно, сустракаемся, тусім, ходзім на пікнікі. Гэта заўсёды камфортна, мякка і цікава працаваць. То-бок «Добрай раніцы, Беларусь» — для мяне гэта цудоўная аддушына, нягледзячы на тое, што трэба ўставаць а чацвёртай раніцы. То-бок цяпер у «Добрай раніцы, Беларусь» я пакуль у адпачынку, са мной не скасавалі кантракт, у мяне не забралі пропуск. Я пакуль афіцыйна ў адпачынку.

— Такія затрыманні, як вы бачылі каля крамы, былі і раней, людзей збівалі... Чаму раней тыя, хто супрацоўнічаў з дзяржаўнымі тэлеканаламі, не выказваліся, не рэагавалі на такія затрыманні?

— У кожнага чалавека ёсць свой пункт кіпення. У кожнага чалавека ёсць вага, дзе на адной шалі твой асабісты пункт кіпення, а на другой — твае асабістыя выгоды, і кожны чалавек думае, калі гэта пераважыць. У мяне ёсць свая справа, я не думаю, што пераважыць. Я проста выказваюся, чаго б мне гэта ні каштавала, пра тое, што я ўбачыў на свае вочы і супраць чаго я змагаюся.