Мінгарвыканкам адмовіў у правядзенні шэсцяў на Дзень Волі (дапоўнена)
Мінгарвыканкам адмовіў аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя БНР у правядзенні шэсця ў Мінску на Дзень Волі.

Фота: Reuters
Фармальна было дзве заяўкі на правядзенне шэсця 25 сакавіка. Аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя БНР афіцыйную заяўку не падаваў, але накіраваў у Мінгарвыканкам пісьмовы зварот з просьбай разгледзець мэтазгоднасць правядзення шэсця да Тэатра оперы і балета з месцам збору ўдзельнікаў каля помніка Янкі Купалы. Адлегласць там — роўна адзін кіламетр. На гэтую просьбу, як распавёў TUT.BY Юрый Губарэвіч, Мінгарвыканкам адказаў адмовай.

Афіцыйную заяўку на правядзенне шэсця падалі прадстаўнікі шэрагу арганізацый, якія ўваходзяць у Беларускі Нацыянальны Кангрэс. Яны прасілі ўлады дазволіць прайсці ад плошчы Якуба Коласа да парку Янкі Купалы. І зрабіць гэта да пачатку святочнага канцэрта. Рашэнне аб гэтым, нагадаем, прадстаўнікі БНК прынялі на прыступках офіса БНФ.
Пасля 15 гадзін стала вядома, што па другой заяўцы таксама атрымана адмова.