Заняткі ў каледжы перанеслі на нядзелю, 25 сакавіка. «Гэта ніяк не звязана з Днём Волі»
Заняткі ў Мінскім дзяржаўны каледжы тэхналогіі і дызайна лёгкай прамысловасці пераносяцца з 21 сакавіка на нядзелю, 25 сакавіка. Пра гэта студэнты даведаліся з аб'явы, вывешанай ў каледжы.

Фота: сацсеткі
У аб'яве таксама сказана, што заняткі ў чацвер, 22 сакавіка, пачнуцца пазней звычайнага, у 12.55. Прычына пераносу заняткаў — удзел каледжа ў рэспубліканскіх мерапрыемствах. Цікава, што пераносяць заняткі на дзень, калі ў Мінску будзе праходзіць святочны мітынг і канцэрт у гонар 100-годдзя БНР.
Адміністрацыя каледжа тлумачыць, што Дзень Волі тут не пры чым. А па суботах студэнты і так вучацца, таму перанесці заняткі на суботу немагчыма.
— Гэта ніяк не звязана з Днём Волі. Зараз праходзяць ваенныя вучэнні і заўтра і паслязаўтра мы адпраўляем з нашай базы ваеннаабавязаных. Я не магу забяспечыць заўтра адукацыйны працэс, таму заўтрашнія заняткі пераносяцца на нядзелю, а ў чацвер заняткі пачнуцца пазней, — тлумачыць дырэктар каледжа Вольга Рунец.
Паводле tut.by