Мінгарвыканкам дазволіў КХП БНФ адзначыць 8 верасня
Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ атрымала да Мінгарвыканкама дазвол на святкаванне Дня беларускай вайсковай славы 8 верасня з 18.00 да 20.30.

Пра гэта ў каментары Радыё "Свабода" распавёў адзін з кіраўнікоў партыі Алесь Чахольскі.
"Мы ўсіх запрашаем гэтак жа, як і на Асамблею патрыятычных сілаў Беларусі, літаральна ўсіх. Усім дадзім слова — усім патрыятычным сілам, лідарам. Ёсць у нас такая магчымасць святочна адзначыць Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасня ў Кіеўскім скверы ля кінатэатра "Кіеў". Хацелася, каб шмат такіх акцый па ўсёй Беларусі ў гэты дзень прайшло", — заявіў Чахольскі.
Па яго словах, падчас акцыі будзе заяўлена пра абарону Беларусі ад расійскай акупацыі. Арганізатары запрасілі ўсіх, каму неабыякавы лёс Беларусі, прыняць удзел у мерапрыемстве.
Неафіцыйны Дзень беларускай вайсковай славы прымеркаваны да перамогі войскаў Вялікага княства Літоўскага над войскам Маскоўскага княства ў бітве 8 верасня 1514 года пад Оршай.