Мінінфармацыі рыхтуе прапановы Саўміну наконт інтэрнэт-СМІ

“Вядзецца дэтальнае вывучэнне гэтага пытання з мэтай выпрацоўкі аптымальных рашэнняў для ўнясення адпаведных прапановаў у Савет Міністраў...” Гэта цытата з ліста намесніка міністра Дзмітрыя Шадко супрацоўніку брытанскай арганізацыі “Індэкс цэнзуры” Андрэю Аляксандраву.  



akuliary_lid_2.jpg

Медыяэксперт звяртаўся ў міністэрства з шэрагам пытанняў наконт стану беларускіх медыяў і, у прыватнасці, перспектываў рэгулявання інфармацыйных рэсурсаў у Байнэце.

“У адпаведнасці з арт. 11 Закона аб СМІ парадак дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, што распаўсюджваюцца праз глабальную камп’ютарную сетку інтэрнэт, вызначаецца ўрадам Рэспублікі Беларусь, — нагадаў Дзмітрый Шадко ў сваім лісце. — Цяпер Міністэрствам інфармацыі вядзецца дэтальнае вывучэнне гэтага пытання з мэтай выпрацоўкі аптымальных рашэнняў для ўнясення адпаведных прапановаў у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь”. 

Нагадаем, што 19 лістапада менавіта сп. Шадко на ўрадавай нарадзе паведаміў пра распрацоўку зменаў у Закон аб СМІ, якія “з мэтай арганізацыі ў інтэрнэце эфектыўнага процідзеяння негатыўным сацыяльным з'явам” могуць абявязаць інтэрнэт-выданні зарэгістравацца ў якасці сродкаў масавай інфармацыі.

“Прапануем унесці шэраг змяненняў у закон аб СМІ, у адпаведнасці з якім найбольш папулярныя і ўплывовыя інтэрнэт-рэсурсы патрапяць у разрад СМІ і будуць несці адказнасць перад законам за распаўсюджванне любой інфармацыі — аж да адклікання рэгістрацыі", — праінфармаваў намеснік міністра. Па яго словах, ужо створаная рабочая група “з зацікаўленых ведамстваў”.

Пра “слабыя моманты” ў законе “Аб СМІ” ў верасні выказваўся таксама першы намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў Вадзім Гігін. На паседжанні клуба журналістаў IBB ён зазначыў, што “ў перыяд лібералізацыі ў 2008-м годзе так і не была заканадаўча аформленая неабходнасць рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ. Такім жа чынам выглядае сітуацыя і з адказнасцю СМІ за змест каментароў пад артыкуламі. Але гэтыя моманты, безумоўна, мусяць быць унармаваныя заканадаўствам...”

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"