Міністрам унутраных спраў стаў ураджэнец Асеціі, амапавец Юрый Караеў

Аляксандр Лукашэнка прызначыў міністрам унутраных спраў Юрыя Караева, піша БелТА.

58cd3845adbc8fdc4cf6f9c0ae0895d8_8xod9_7k73j.jpg

Перад гэтым Караеў працаваў на пасадзе намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі.
У панядзелак стала вядома, што папярэдні кіраўнік МУС Ігар Шуневіч звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з рапартам аб адстаўцы, і Лукашэнка гэтую адстаўку прыняў.
«Скажам шчыра, міліцыю трэба трошкі страсянуць у плане дысцыпліны. Ну а для гэтага які патрэбен чалавек — ваенны. Хаця вы адносна ваенны чалавек, вы і міліцыю добра ведаеце. Вы там былі ўнутры, вы бачылі гэтыя праблемы. А наогул, таму, чаго не ведаеце, навучыцеся», — сказаў сёння кіраўнік дзяржавы.
Намеснікам міністра ўнутраных спраў Караеў быў з 2012 года, ён прафесійны спецназавец. Вядома, што Юрый Хаджымуратавіч нарадзіўся ў Асеціі, а ў Беларусь трапіў пасля савецкай вучэльні. «Нашай Ніве» ён неяк расказваў, што ва Унутраных войсках салдатам расказваюць пра гісторыю Беларусі, яе слаўнае мінулае.
Юрый Караеў скончыў Саратаўскі ваенны інстытут ўнутраных войскаў МУС РФ у 1987 годзе, акадэмію генштаба імя Фрунзе ў 1996 годзе, паведамляе reform.by.
Камандаваў міліцэйскай брыгадай у Гомелі, міліцэйскім батальёнам у Бабруйску, быў камбатам у вайсковай частцы 32-14 Дзмітрыя Паўлічэнкі. Камандаваў мінскім АМАПам, у 2008 годзе стаў камандзірам 3-й асобнай Чырванасцяжнай брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войск.В 2009 годзе быў прызначаны першым намеснікам начальніка аператыўнай і баявой падрыхтоўкі ўнутраных войскаў МУС.