Мінпрацы Беларусі вывучыць ініцыятыву індывідуальных прадпрымальнікаў
Міністэрства працы Беларусі вывучыць ініцыятыву індывідуальных прадпрымальнікаў-плацельшчыкаў адзінага падатку. Яна датычыць выплаты страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва прапарцыйна адпрацаванаму часу.

Гаворка пра гэта ішла на чарговым пасяджэнні працоўнай групы па пытаннях дзейнасці ІП пры грамадска-кансультацыйным (экспертным) савеце па развіцці прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі, інфармуе БЕЛТА.
Прадстаўнікі ІП прапанавалі варыянт, пры якім прадпрымальнік-плацельшчык адзінага падатку ў выпадку, калі ён не працуе нейкі перыяд часу і не плаціць адзіны падатак, атрымлівае права добраахвотна плаціць за гэты час узносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Чыноўнікі прапанавалі адправіць прапанову ў Мінпрацы для разгляду, а вярнуцца да яго абмеркавання на пасяджэнні працоўнай групы ў канцы жніўня — у пачатку верасня. Тады ж гаворка пойдзе пра выплаты ІП бальнічных, дапамог, звязаных з цяжарнасцю і доглядам за дзіцёнкам.