Мінпрацы: з лістапада сярэдняя пенсія можа падвысіцца яшчэ на 20 рублёў

Пенсіі ў Беларусі могуць быць павышаны на 5,3% з 1 лістапада. Адпаведны праект указа ўнесены ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Фота: euroradio.fm

Фота: euroradio.fm

Пра гэта паведаміла сёння міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, перадае БЕЛТА. Да гэтага беларускія пенсіі у 2018 годзе ўжо павышаліся неаднаразова. Чакаецца, што да канца года агульны рост складзе 20%.
У траўні сярэдні рост склаў 5,3%. Наступнае павышэнне прайшло ў жніўні — яшчэ плюс 10%.
Пасля гэтага, у пачатку кастрычніка, прэм'ер-міністр Сяргей Румас казаў, што ўрад рыхтуе прапановы аб чарговым павышэнні пенсіі. Сёння гэтыя прапановы былі агучаны ў парламенце.
У выніку сярэдняя пенсія сёння складае 374 рублі. Калі ўказ будзе падпісаны, то з лістапада яна павялічыцца да 394 рублёў.
Пры гэтым мінімальны памер пенсіі па ўзросце (прызначаецца асобам, якія маюць стаж 25 і 20 гадоў у мужчын і жанчын адпаведна), па інфармацыі Мінпрацы, сёння складае 207,43 рублі.
Павышэнне пенсій апярэджвае інфляцыю. БЕЛТА прыводзіць словы Сяргея Румаса: інфляцыя у 2018 годзе захаваецца ў калідоры да 6%. «На наступны год у нашых прагнозных дакументах зніжэнне інфляцыі да 5%», — заявіў прэм'ер-міністр. Паводле яго слоў, цяпер адсутнічаюць фактары, якія казалі б пра тое, што гэтыя паказчыкі інфляцыі не могуць быць выкананыя.
На фоне павышэння інфляцыйных рызык з вонкавага сектара Нацбанк у верасні захаваў стаўку рэфінансавання нязменнай на ўзроўні 10%. Па ацэнцы рэгулятара, узровень стаўкі рэфінансавання, які склаўся, блізкі да нейтральнага і будзе спрыяць падтрыманню інфляцыі блізу 5% у сярэднетэрміновай перспектыве.
Паводле onliner.by