Мінск у Індэксе якасці жыцця Numbeo апынуўся паміж Ісламабадам і Нікасіяй

У «Індэксе якасці жыцця 2019» (Quality of Life Index 2019), складзеным сэрвісам Numbeo, Мінск апынуўся на 133-м месцы.

minsk_city_5.jpg

Мінск стаў адзіным беларускім горадам, уключаным у рэйтынг. Усяго ў спіс увайшло 277 гарадоў з розных краін свету.
Адзначым, што 133-е месца Мінска — адносна нядрэнны паказчык. Ва ўсякім выпадку, у параўнанні з суседнімі сталіцамі. Так Вільнюс апынуўся на 97-м месцы, Варшава на 128-м, Рыга — на 129-м. У той жа час Кіеў размясціўся на 192-й пазіцыі, а Масква — на 193-й.
Індэкс гарадоў па якасці жыцця Numbeo фармавалі, улічваючы восем паказнікаў: індэкс пакупніцкай здольнасці, кошт нерухомасці адносна даходаў насельніцтва, індэкс бяспекі, аховы здароўя, кошт жыцця, індэкс часу руху транспарту, забруджванне і клімат.
У цэлым індэкс якасці жыцця ў Мінску прызнаны высокім. Ён налічвае 142,66 бала.
Так індэкс пакупніцкай здольнасці ў Мінску названы нізкім, індэкс бяспекі — высокім, індэкс аховы здароўя — высокім, кліматычны індэкс — высокім, індэкс кошту жыцця — вельмі нізкім, суадносіны кошту нерухомасці да даходаў — высокім, індэкс часу руху транспарту — нізкім, індэкс забруджвання — умераным .
У рэйтынгу Мінск размясціўся паміж пакістанскім Ісламабадам і кіпрскай Нікасіяй.
Лепшым горадам у свеце для жыцця складальнікі рэйтынгу назвалі сталіцу Аўстраліі Канберу. Другое месца заняў Эйндховен (Нідэрланды), трэцяе — сталіца штата Паўночная Караліна Ролі.
Паводле thinktanks.by