Мінскія кантралёры цяпер працуюць даўжэй: аж да ночы

Гендырэктар «Мінсктрансу» Лявонцій Папянок даў інтэрв'ю агенцтву «Мінск-Навіны». Акрамя ўсяго іншага, ён распавёў, як у Мінску змагаюцца з людзьмі, якія не плацяць за праезд у грамадскім транспарце. Кантралёры цяпер працуюць даўжэй: аж да ночы.

unnamed_125.jpg

«Разглядаем пытанне павышэння ўзроўню зарплаты для кантрольна-рэвізійных супрацоўнікаў. <...> Барацьба з безбілетнікамі ніколі не спынялася. Думаю, наша стаўленне і ўздзеянне на іх пакуль найбольш ліберальнае на постсавецкай прасторы. Гэта тычыцца як сумы штрафу, так і ліку правапарушэнняў. <...>

Рэжым працы кантралёраў пашырылі ад шостай раніцы да гадзіны ночы. Яшчэ раней яны змянілі форму на адзенне менш яркага колеру. Гэтыя і шэраг іншых мер ужо далі станоўчы вынік. Колькасць транзакцый у грамадскім транспарце ў 2019-м узрасла на 10%. У асобныя месяцы выяўлялі да 15 тысяч безбілетнікаў. За год аштрафавана 140 тысяч, што на 8% больш, чым у 2018-м», — сказаў Лявонцій Папянок.
Нагадаем, на мінулым тыдні «Мінсктранс» і яго ідэі абмяркоўваліся асабліва моцна. Намеснік гендырэктара Віктар Тозік паведаміў журналістам, што валідатары і кампосцеры будуць блакаваць праз 15 секунд пасля таго, як аўтобус ці тралейбус ад'едзе ад прыпынку. Беларусы імгненна абурыліся і нават запатрабавалі адправіць усё кіраўніцтва «Мінсктранса» у адстаўку. Але пазней ад «правіла 15 секунд» вырашылі адмовіцца, што пацвердзіў дырэктар «Сталічнага транспарту і сувязі» Валер Шкуратаў. Праўда, у телеграм-каналах з'яўляюцца свежыя відэа, дзе відаць, што валідатары паміж прыпынкамі ўсё яшчэ адключаюць.
kyky.org