Мінскім ветэранам і інвалідам вярнулі дапамогу да пенсій і сацыяльнае таксі
Прыпыненне дапамогі мінскія ўлады тлумачаць прабеламі ў заканадаўстве.
У сілу ўвайшло Рашэнне №173 Мінгарсавета пра ўстанаўленне мераў сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян.
Паводле яго, сталічным ветэранам вайны, інвалідам І і ІІ груп, якія атрымліваюць сацыяльныя пенсіі, дзецям-інвалідам да 18 гадоў і людзям, старэйшым за 95 гадоў вяртаюцца дадатковыя выплаты да пенсій. Спыненне выплат ці перапынак у працы сацыяльнага таксі, былі звязаныя з заканчэннем праграмы сацыяльнага разьвіцця Мінска на 2011-2015 гады.
Дарэчы гэта выклікала рэзананс і незадаволенасьць грамадзян. Цяпер, кажа Кацярына Юркевіч з Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, усе льготы вернутыя: на гэта выдаткавана больш за 94 мільярды беларускіх рублёў з бюджэту Мінска. Паводле яе, Рашэнне №173 пра ўстанаўленне мераў сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян стала дадаткам да Дзяржаўнай праграмы па сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці на 2016-2020 гады, распрацаванай міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.
Рашэнне будзе дзейнічаць цягам 2016 году. За гэты час Мінгарвыканкам і мясцовыя саветы дэпутатаў абяцаюць выправіць прабелы ў заканадаўстве, якія сёлета прывялі да незадаволенасці льготнікаў.