«Мінсктранс» адказаў навошта ў «табакерках» прадаюць квіткі на праезд

Навіна аб тым, што «Мінсктранс» адмовіцца ад большасці сваіх кіёскаў па продажы квіткоў на праезд — затое іх ужо прадаюць у «табакерках», якіх стане толькі больш, — выклікала бурныя абмеркаванні ў сацсетках і прыток новых мемаў. Але разумення ў тым, адкуль увогуле ўзялася гэтая бездакорная ідэя, не было. TUT.by паспрабаваў унесці ў гэтую гісторыю яснасць.

djn.jpg

Як распавёў парталу першы намеснік гендырэктара «Мінсктрансу» Алег Дзюбенка, кампанію «Энерга-Оил» [валодае ўсімі «табакеркамі» Беларусі, кантралюецца бізнесменам Аляксеем Алексіным] разглядаюць толькі як яшчэ аднаго партнёра для продажу талонаў. А прапанова прадаваць квіткі на аснове дамовы ў «Мінсктранс» паступіла менавіта ад «Энерга-Оил», не наадварот. Зараз, па словах Дзюбенкі, заключаны дагавор па рэалізацыі квіткоў у 25 тытунёвых шапіках. «Мінсктранс» не асабліва хвалюецца аб пашкоджанні іміджу свайго прадпрыемства праз незадаволенасць мінчан у адрас «табакерак» — маўляў, калі пасажырам зручна, то няхай будзе, як будзе.
Дзюбенка дадаў, што скарачэнне кіёскаў «Мінсктрансу» не звязанае з калабарацыяй з «Энерга-Оил». Галоўная ідэя складаецца ў тым, каб адысці ад чалавечай працы, аўтаматызаваць працэсы. І калі два тыдні таму транспартнікі казалі пра тое, што да канца 2020 года ў Мінску застануцца толькі 25 кропак продажаў (з 164), то цяпер упэўненасці менш: «Проста так зачыняць кіёскі, нічога ўзамен не падаўшы, ніхто не збіраецца. Калі мы дамо магчымасць аплачваць праезд у інтэрнэце і праз дадатак, то калі-небудзь кіёскаў у цэнтральнай частцы не будзе — але гэта справа не аднаго дня».
Наогул, квіткі на праезд, лічыць Дзюбенка, больш выгадна прадаваць праз тэрміналы. Першыя два апараты (якія, дарэчы, не дазваляюць расплачвацца наяўнымі, выключна картай) арандуюць у польскіх партнёраў, у цэнтры Мінска — каля ГУМа і побач з плошчай Незалежнасці — іх паставяць ужо ў сакавіку. Некаторыя тэрміналы убудаваны ў разумныя прыпынкі, якіх па планах у Мінску з'явіцца ў колькасці 240 штук. 450 касіраў, якія на сёння працуюць у кіёсках «Мінсктранса», пасля закрыцця шапікаў працаўладкуюць на прадпрыемстве, сказаў Дзюбенка.
Паводле kyky.org