Могуць абваліцца. У Барысаўскім раёне і Наваполацку закрылі два масты
У Беларусі фіксуюцца новыя здарэнні з аўтамабільнымі мастамі. Цяпер — у Барысаўскім раёне і Наваполацку.
![Закрыты мост у Печах. Фота mlyn.by Закрыты мост у Печах. Фота mlyn.by](/img/v1/images/photo_2021_06_19_09_13_43.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Закрыты мост у Печах. Фота mlyn.by
У Барысаўскім раёне закрыты для руху мост у Печах,
паведамляе МЛЫН.BY. Паводле намесніцы дырэктара ў ідэалагічнай працы УП «Жыллё»
Наталлі Арэшка, паднялася пліта прымыкання маставога пераезду з дарогай.
Выклікалі спецыялістаў. Пра непаладкі стала вядома позна ўвечары 18 чэрвеня,
зараз рух па мосце перакрыты.
У Наваполацку праз пагрозу абвалу закрылі мост праз Дзвіну.
Ёсць пагроза абвалу. Як паведаміў першы намеснік старшыні Полацкага
райвыканкаму Сяргей Лейчанка, «выяўлены шэраг дэфектаў, якія зніжаюць
грузападымальнасць і даўгавечнасць збудавання». Стан пралётныя пабудоваў
кваліфікуецца як перадаварыйны і далейшае развіццё дэфектаў можа прывесці да
абвалу, дадаў ён.
Гэта ўжо прынамсі чацвёрты выпадак з мастамі ў Беларусі за
апошні месяц. Гэтак, 19 мая на дарозе Р67 паміж Барысавам і Беразіно
паваліўся мост праз раку Рова. Мост не вытрымаў нагрузкі шматтоннага цяжкавіка,
які ехаў па ім.
А ўвечары 25 мая абваліўся жалезабетонны моста праз раку
Лясная Левая на аўтадарозе Н-525 «Шчэрчава-Шарашова» паблізу вёскі Броды
Пружанскага раёна.
Паводле «Белсата».