«Мой народ пакутуе, падвяргаецца катаванням і рэпрэсіям». Баскетбалістка Сныціна завяршае кар'еру ў зборнай
Капітан зборнай Беларусі па баскетболе і бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы-2007 Кацярына Сныціна прыняла рашэнне завяршыць кар'еру ў нацыянальнай камандзе. Пра гэта баскетбалістка паведаміла TUT.BY. Прыводзім яе заяву на гэтую тэму.
«У нашай краіне спорт — гэта прапаганда рэжыму. І я не маю намеру быць яе часткай»
— Я прыняла рашэнне больш не выступаць за нацыянальную каманду і афіцыйна абвяшчаю аб завяршэнні кар'еры ў зборнай Беларусі. Гэта абдуманае і адназначнае рашэнне. Я не хачу больш прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне ў той час, як мой народ пакутуе, падвяргаецца катаванням і рэпрэсіям, калі людзей беспакарана забіваюць, калечаць і трымаюць у турмах. Колькі б чыноўнікі ні сцвярджалі, што спорт па-за палітыкай, менавіта ў нашай краіне спорт — гэта прапаганда рэжыму, і я не мае намеру быць яе часткай.
Як спартсменка я лічу, што магу прынесці нашмат больш
карысці грамадству сваімі асабістымі праектамі або сумеснымі ініцыятывамі з
SOS.BY. Напрыклад, месяц таму «Свабоднае аб'яднанне спартсменаў» запусціла
«Акадэмію чэмпіёнаў», у рамках якой мы дзелімся ведамі і вопытам з падрастаючым
пакаленнем.
Я хачу і далей быць карыснай беларускаму грамадству, але не
хачу выступаць за нацыянальную каманду. Прычым не хачу гэтага рабіць і ў
будучыні — у свабоднай новай Беларусі, — падкрэсліла Кацярына Сныціна.
— 2020 год змяніў мяне, як і многіх беларусаў, як чалавека і
грамадзяніна. Мне стала важна, каб людзі вакол мяне, тыя, з кім я праводжу
амаль 24/7, падзялялі мае каштоўнасці і жыццёвую пазіцыю. У лютым падчас
гульняў за нацкаманду ў Рызе я зразумела, што такой падтрымкі ўнутры зборнай
Беларусі па баскетболе ў мяне няма.
Пры гэтым я сумленна выконвала свае абавязацельствы на
пляцоўцы ў кваліфікацыйных матчах, разумеючы, што асабіста адказная за вынік як
капітан нацыянальнай каманды. Мы дамагліся неабходнага выніку, прабіліся на
чэмпіянат Еўропы. Далей адказнасць з сябе я здымаю. Адзначу: мне ані не
крыўдна, што я не змагу прыняць удзел у чэмпіянаце Еўропы і пазмагацца за
медалі, — сказала баскетбалістка.
— Я прыслухалася да сябе і зразумела, што ў мяне няма і ценю
суму з-за спынення выступаў за зборную Беларусі. Здаецца, што я ўжо шмат
месяцаў знаходжуся ў новай зборнай — SOS.BY, дзе сабраны неверагодныя,
свабодныя і сумленныя спартсмены. Я бязмерна ганаруся быць часткай менавіта
гэтай каманды.
«Спроба заляпіць мне рот новым кантрактам не ўдалася»
Адзначым, што кантракт Кацярыны Сныцінай з РЦАП па гульнявых відах спорту заканчваецца 31 сакавіка 2021 года. Капітану зборнай Беларусі прапанавалі падпісаць новую працоўную дамову, але яе не задаволіў пункт дадатковага пагаднення, які тычыцца выступленняў спартсменаў у СМІ.
— У лютым мне сапраўды даслалі на подпіс новы кантракт, які
я падпісала на кожнай старонцы, закрэсліўшы толькі «Пункт 2.25» — «не дапускаць публікацый і выступаў у сродках масавай інфармацыі без узгаднення
з наймальнікам» — і запрасіла па ім дэталёвае тлумачэнне.
15 сакавіка мне прыйшоў адказ з Міністэрства спорту, у якім
тлумачэнні былі прыкладна такія: «Узгадненне публікацыі азначае папярэдняе
ўзгадненне публікацыі, палажэнне распаўсюджваецца на каментары замежным СМІ, у
тым ліку на прэс-канферэнцыях, следствам неналежнага выканання працоўных
абавязкаў можа з'яўляцца прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці...»
На наступны дзень я атрымала загад аб звальненні з
нацкаманды, датаваны 11 сакавіка. Увогуле, кантракт са мной не працягнулі, бо «бакі згоды не дасягнулі».
Пры гэтым у нашых рэаліях нацыянальная каманда ўсё роўна
можа выклікаць на зборы і спаборніцтвы спартсмена, які не стаіць на стаўцы.
Нядаўна менеджар зборнай пацікавіўся ў мяне, ці прыеду я на травеньскі збор. Але я
больш не хачу выступаць за зборную Беларусі.
Спроба заляпіць мне рот новым кантрактам не ўдалася. Я не
магу і не хачу чуць фразу «вы ж самі ўсё разумееце»... Я не буду
маўчаць, гледзячы на тое, што адбываецца ў краіне ці сітуацыю з рэпрэсаванымі
спартоўцамі. Я прывыкла называць рэчы сваімі імёнамі, — падкрэсліла Сныціна.
На пытанне, ці кантактавала баскетбалістка з нагоды
звальнення асабіста са старшынёй Беларускай федэрацыі баскетбола Максімам
Рыжанковым, яна адказала:
— Не. Я ніколі раней не мела зносін з ім
асабіста — сустракалася толькі ў рамках камандных сходаў. Таму ўсе заявы
Рыжанкова, у тым ліку датычна мяне, я бачу толькі ў медыяпрасторы. Ён любіць
успамінаць маю фразу з інтэрв'ю пра тое, што я праводжу па 9 гадзін у інтэрнеце, адсочваючы сітуацыю ў Беларусі.
Дык вось, пасля запуску народнага галасавання на платформе
«Голас» гэтыя 9 гадзін трансфармаваліся ў 11. Я хачу данесці інфармацыю пра гэтую ініцыятыву максімальнай колькасці людзей. І так, я лічу, што ўжо лепш 11
гадзін сядзець у інтэрнэце, чым 10 хвілін глядзець БТ. Жыве Беларусь!
Кацярына Сныціна выступала за зборную Беларусі з 2005 года,
выйграўшы бронзавы медаль чэмпіянату Еўропы (пазней яна выставіла яе на
дабрачынны аўкцыён), прымала ўдзел у Алімпійскіх гульнях.
Выступала за клубы з Беларусі, Расіі, Францыі, Польшчы,
Венгрыі, Турцыі. Зараз гуляе за каманду «Несібе Айдын».
На клубным узроўні станавілася фіналістам, бронзавым
прызёрам і паўфіналістам Кубка Еўропы ФІБА, чэмпіёнам Беларусі і Францыі,
прызёрам чэмпіянатаў Расіі, Беларусі, Польшчы, уладальнікам Кубка Польшчы.