Моладзь БНФ патрабуе спыніць рэпрэсіі

У сувязі з тым, што ў апошнія часы павялічыўся ціск па палітычных матывах Моладзь БНФ выступіла з адмысловай заявай.

dzenvoli10_logo_1.jpg


"Гвалтоўныя затрыманні на вуліцах, адлічэнні па палітычных матывах, запужванні ў школах і ўніверсітэтах – усё гэта зноў пачынаецца вяртацца ў практыку беларускіх уладаў для запужвання моладзі", — гаворыцца ў заяве.
Моладзь БНФ асуджае такія дзеянні і патрабуе ад беларускіх улад:
1) Спыніць ціск па палітычных матывах на беларускую моладзь;
2) Вызваліць усіх мірных дэманстрантаў, якія былі затрыманыя за ўдзел у акцыях пратэсту ці напярэдадні гэтых акцый і рэабілітаваць іх;
3) Аднавіць усіх адлічаных студэнтаў па палітычных матывах за апошні тыдзень.
Таксама арганізацыя звяртаецца да міжнароднай супольнасці з просьбай звярнуць увагу на ціск, які аказваецца ў Беларусі, і даць сваю адзнаку таму, што адбываецца.


Калі дадзеныя патрабаванні не будуць тэрмінова выкананы, Моладзь БНФ лічыць неабходным распачаць наступныя захады:
1) Увесці санкцыі супраць шэраговых міліцыянтаў, якія затрымлівалі мірных дэманстрантаў і ілжэсведчылі на судах;
2) Увесці санкцыі супраць кіраўніцтва навучальных устаноў, з якіх былі адлічаныя студэнты па палітычных матывах ці былі пагрозы ў бок беларускай моладзі;
3) Разглядзець пытанне аб пазбаўленні Беларусі статуса сябра ў Балонскім працэсе.
Паводле прэс-рэлізу Моладзі БНФ