Мост-даўгабуд ад Лукашэнкі схавалі
Неанансаваны велікодны прыезд Аляксандра Лукашэнкі ў Воршу на ўвесь дзень спаралізаваў жыццё 150-тысячнага горада. Ад раніцы ў нядзелю цэнтральныя вуліцы былі перакрытыя для руху транспарту, сюды-туды гойсалі толькі машыны ДАІ і супрацоўнікаў спецслужбаў.
На кожным скрыжаванні дзяжурылі міліцыянты ў форме і цывільным, якія не выпускалі аўтамабілі з двароў. Добранадзейных вернікаў згрупавалі ля царквы Раства Прасвятой Багародзіцы за некалькі гадзін да прыезду высокага госця.
Прыехаўшы, асабліва ўдавацца ў размовы з насельніцтвам Лукашэнка не стаў, толькі нагадаў пра тое, што Беларусь — мірная краіна, але калі камусьці захочацца гэта спраўдзіць, дык «мы годна яго сустрэнем». Пасля гэтага з малодшым сынам Мікалаем яны паставілі свечкі і ўзялі ўдзел у святочным набажэнстве.
Многія гараджане разлічвалі, што Лукашэнка, як гэта нярэдка здараецца, адхіліцца ад пракладзенага дарадцамі маршруту і зверне ўвагу на даўгабуд, які вось ужо некалькі гадоў мазоліць вока аршанцам. Літаральна за пару хвілін язды ад храму — 200-метровы мост праз Дняпро, зачынены з-за аварыйнага стану. Ужо гадоў пяць таму мост у літаральным сэнсе пачаў развальвацца на кавалкі, што вымусіла мясцовыя ўлады прызнаць яго небяспечным. Аднак паказаць Лукашэнку, як ідзе рэканструкцыя, чыноўнікі не адважыліся.
Мост праз Дняпро быў збудаваны акурат паўстагоддзя таму, ён звязвае спальныя мікрараёны Задняпроўя з прамысловым цэнтрам. Ад таго часу яго толькі аднойчы закрывалі, каб падправіць дарожнае палатно. За прамінулы час канструкцыі струхнелі, некалькі пралётаў парэнчаў проста рухнулі ў раку. Пасля гэтага адзін бок ходнікаў для пешаходаў закрылі, а неўзабаве прыпынілі і аўтамабільны рух.
Так выглядаў мост перад закрыцьцём на рамонт
Страта важнай транспартнай артэрыі непакоіць найперш працаўнікоў мясцовага ільнокамбінату, якія ў масе сваёй жывуць якраз у задняпроўскіх раёнах. Зьмена на прадпрыемстве пачынаецца а 6-й раніцы, наўпроставага аўтобуснага маршруту няма, і шмат хто сутыкаецца з праблемай, як пасьпець на працу.
Аўтамабільны мост-даўгабуд
Цяпер дарога на іншы бераг стала даўжэйшай кіламетраў на 10 у адзін бок, на грамадскім транспарце даводзіцца закладаць дадаткова 30–40 хвілін, а дарога з адрэзаных раёнаў на вакзал, наракае жыхарка вуліцы Флёрава спадарыня Ірына, займае амаль гадзіну:
«Людзі дабіраюцца хто як можа. Прыкладам, як еду на працу я. Даязджаю да цэнтру, потым маршрутка ці аўтобус вязуць мяне зусім у іншы бок — да ільнокамбінату, з ільнокамбінату зноў вяртаемся ў цэнтр і толькі потым на вакзал. Вось такі мудрагелісты маршрут».
Да «Дажынак» 2008 года ў Воршы адрамантавалі два масты, але яны карацейшыя і не вымагалі надзвычайных укладанняў. А каштарыс капітальнага рамонту 200-метровага моста патрабаваў блізу 400 мільярдаў рублёў у коштах 2013 года, што ў эквіваленце — амаль 40 мільёнаў даляраў. Гэта пры тым, што ўвесь гадавы бюджэт гораду ўдвая меншы. Як кажа жыхар Задняпроўя спадар Максім, спачатку мост меркавалі рамантаваць паэтапна, пакідаючы для руху адну паласу. Аднак скразныя дзіркі і разваленыя парэнчы прымусілі дзейнічаць больш радыкальна:
«Тыя два масты да „Дажынак“ зрабілі даволі хутка. Я маю на ўвазе мост праз Аршыцу каля заводу „Борец“, а таксама мост па Магілёўскай праз Дняпро, дзе мемарыял „Кацюша“. Але яны адносна невялікія, а гэты мост у нас самы даўгі. На жаль, інфармацыі мінімум, як і што там рухаецца».
Закрываючы аварыйны мост, мясцовае кіраўніцтва абяцала, што аб’ект здадуць праз два гады. Аднак досвед ранейшых аршанскіх даўгабудаў ставіць такія планы пад сумнеў. Да згаданых ужо «Дажынак» гараджанам абяцалі галоўны атрыбут свята працаўнікоў вёскі — лядовы палац. З вялікімі цяжкасцямі аб’ект здалі толькі праз пяць гадоў, у апошнія дні 2013-га.