МУС — БАЖу: Прадстаўляюцца журналістамі, але не з’яўляюцца імі

МУС адказала на зварот ГА БАЖ адносна пераследу журналістаў падчас акцый пратэсту ў сакавіку: міліцыя заканадаўства не парушала, а БАЖ павінна спыніць пакрывальніцтва асоб, якія не маюць дачынення да СМІ.

ohrana.jpg


Асноўны лейтматыў адказу Міністэрства ўнутраных спраў адказала на зварот ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”: міліцыя заканадаўства не парушала.

У прыватнасці, у адказе адзначаецца, што Міністэрства ўнутраных спраў не мае інфармацыі аб неправамерных дзеяннях супрацоўнікаў унутраных органаў.

Прыналежнасць грамадзян да сродкаў масавай інфармацыі не вызваляе іх ад адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, і тым больш асоб, якія прадстаўляюцца журналістамі, але не з’яўляюцца імі на самай справе.

Падзяляючы занепакоенасць за бяспеку грамадзян падчас масавых мерапрыемстваў, Міністэрства ўнутраных спраў заклікае ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” арганізаваць тлумачальную працу сярод журналістаў і выключыць “пакрывальніцтва” і “апраўданне” дзеянняў асоб, якія не маюць ніякага дачынення да сродкаў масавай інфармацыі”, — адзначаецца ў адказе выконваючага абавязкі начальніка Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку Аляксандра Жылінскага.

Разам з тым А. Жылінскі паведамляе, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў былі праінфармаваныя аб правах журналістаў, а таксама аб адказнасці за перашкоду іх законнай прафесійнай дзейнасці, прадугледжанай артыкулам 198 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” выказвае шкадаванне з нагоды таго, што МУС не правяло службовую праверку і не прыцягнула да адказнасці асоб, якія відавочна парушалі правы журналістаў у сакавіку. Толькі вядомых такіх фактаў журналісцкая арганізацыя зафіксавала больш за 100. Сярод іх затрыманні, ператрусы, адміністрацыйны пераслед, збіццё журналістаў.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” па-ранейшаму заклікае праваахоўныя органы спыніць эскалацыю гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў СМІ. Паводле Закона “Аб СМІ” журналісты маюць поўнае права знаходзіцца ў месцах акцый і іншых масавых мерапрыемстваў, незалежна ад таго, ці такія мерапрыемствы былі санкцыянаваныя ўладамі.

Нагадаем, што 16 сакавіка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звярталася да Міністра ўнутраных спраў Беларусі, а таксама ў Генеральную пракуратуру з нагоды масавых парушэнняў правоў журналістаў. У звароце адзначаліся масавыя затрыманні прадстаўнікоў СМІ ў розных гарадах Беларусі.

23 сакавіка стала вядома, што Генеральная пракуратура адмовілася разглядаць зварот арганізацыі па сутнасці.

Паводле Прэс-службы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"