МЗС адказаў на зварот па справе Паўла Селюна, аднак не зусім па сутнасці

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда атрымаў  адказ з Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусі на свой зварот, у якім праваабаронца інфармаваў МЗС пра рэгістрацыю індывідуальнага звароту асуджанага да смяротнага пакарання Селюна Паўла Мікалаевіча ў Камітэце па правах чалавека ААН.



mzs_rb_1_.jpg

Праваабаронца нагадаў, што  “ў адпаведнасці з пунктам 92 правіл працэдур Камітэта, дзяржава не павінна прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду дадзенага звароту Камітэтам па сутнасці”.

Паколькі функцыя кантролю  забеспячэння прыпынення выканання смяротнага прысуду да разгляду індывідуальнага звароту ў КПЧ ускладаецца на МЗС, то Андрэй Палуда, згодна з Палажэннем аб Міністэрстве замежных спраў, зацверджаным Пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 31 ліпеня 2006 года № 978, прасіў у звароце, каб МЗС апавясціў Вярхоўны Суд, Генпракуратуру і МУС аб рэгістрацыі КПЧ ААН звароту Паўла Селюна.

МЗС, у сваім адказе, які падпісаў намеснік міністра Валянцін Рыбакоў,паведамляе, што сапраўды “паведамленне было накіраванае беларускаму боку для атрымання пісьмовых каментараў. Выконваючы  свае міжнародныя абавязацельствы ў рамках Факультатыўнага пратакола (да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах), Беларусь плануе накіраваць такія каментары ў Камітэт у парадку, прадугледжаным арт. 4 ч. 2 Факультатыўнага пратакола”.

Сутнасць жа звароту праваабаронцы аб прыпыненні выканання смяротнага прысуду і інфармавання адпаведных дзяржаўных органаў (у дадзеным выпадку — МУС і Генпракуратуры) аб разглядзе ў КПЧ індывідуальнага паведамлення Паўла Селюна, цалкам праігнараваная.

Падобныя звароты праваабаронца таксама накіраваў у Міністэрства ўнутраных спраў і Генеральную пракуратуру, у якіх заклікаў МУС не выконваць смяротны прысуд, вынесены Вярхоўным Судом у дачыненні да Паўла Селюна да разгляду яго індывідуальнага звароту ў КПЧ ААН, а Генпракуратуру — у межах яе кампетэнцыі забяспечыць прыпыненне выканання гэтага смяротнага прысуду. Аднак адказаў на гэтыя звароту дагэтуль няма.

***

12 чэрвеня Гродзенскі абласны суд прызнаў Паўла Сялюн вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: арт.139 ч.2 пункты 1 і 6 (забойства дзвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю), арт.205 ч.1 (крадзеж), арт. 347 ч.1 (здзек з трупаў), ст.378 (крадзеж асабістых дакументаў), і па сукупнасці злачынстваў вынес прысуд аб прымяненні выключнай меры пакарання — смяротнай кары.   17 верасня Калегія Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, разгледзеўшы ў касацыйным парадку скаргу Паўла Селюна, пакінула ў сіле смяротны прысуд.

spring96.org