На Брэст і Гродна абрынуўся ўраган, сагнуў шпіль бернардынскага касцёла (фота)

Разбітыя дрэвамі машыны, паламаныя дарожныя знакі, нават пагас Вечны агонь.


17 чэрвеня Гродна і Брэст трапілі ў зону шквалістага ветру. У выніку за 10 хвілін віхура паваліла сотні дрэў, знішчыла білборды ды парканы.
Як паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у Гродне і вобласці зафіксавана 74 выпадкі падзення дрэў на праезную частку, лініі электраперадачы і будынкі. Падаючымі дрэвамі пашкоджаны 8 легкавых аўтамабіляў, 5 дахаў прыватных жылых дамоў, крамы і трансфарматарнай падстанцыі.
У Гродне часова перакрытымі аказаліся вуліцы Парыжскай Камуны, Акадэмічная, часткова Будзённага і Ажэшкі.
У парку Жылібера згас Вечны агонь, на месца прыехалі супрацоўнікі газавых службаў.
Рух грамадскага транспарту прыпыняўся праз пашкоджанні на лініях электраперадач.
На старажытным Бернардынскім касцёле нахіліўся шпіль на званіцы.
У раёне вёскі Азёры аказалася часова перакрытай траса, якая ідзе ў бок Літвы.
У горадзе працуюць нарады ДАІ, брыгады хуткай дапамогі, ратавальнікі і міліцыя.
У Брэсце быў пашкоджаны дах шматкватэрнага жылога дома на бульвары Касманаўтаў, 4 легкавыя аўтамабілі і 1 прыватны пасажырскі аўтобус. Вятрыска таксама паваліў каля сарака дрэў. Пацярпелых няма.


Паводле «Нашай Нівы»