На курсах Дыджэяў Адраджэння перамаглі бацька пяці дзяцей і настаўніца танцаў

У Мінску прайшоў выпускны Дыджэяў Адраджэння 2016 года. На трохмесяцовых курсах, якія праводзяцца вось ужо адзінаццаты раз з 1999 года, маладых беларусаў вучаць выступаць перад публікай, арганізоўваць культурніцкія і грамадскія акцыі, весці віктарыны паводле формулы «Беларуская форма — хрысціянскі змест».

1462429815_b74a8943_7cd6_48fe_84ce_4d7067cf8628.jpg


Чаму так? Толькі беларусізацыя сама па сабе праблемы краіны не вырашыць, упэўненыя дыджэі — патрэбнае яшчэ і глыбокае духоўнае пераўтварэнне, маральная рэвалюцыя.
На курсах будучыя “джэдаі” праходзяць выпрабаванні — арганізоўваюць акцыі з розгаласам у СМІ, праводзяць “Шоў Беларушчыны” і “высаджваюцца з парашутам” — едуць з асветніцкай місіяй у глухія куткі Беларусі. Кожны занятак агучваецца рэйтынг навучэнцаў — і 12 найлепшых робяцца дыпламаванымі Дыджэямі Адраджэння.
Выпускнікі дыджэйскіх курсаў розных гадоў — дырэктар “Еўрарадыё” у Беларусі Віталь Зыблюк, міжнароднік Сяржук Лісічонак (Прадстаўніцтва ААН у Беларусі), сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі, лідар “Альтэрнатывы” Алег Корбан, маладафронтаўцы Наста Палажанка-Дашкевіч і Зьміцер Хведарук, кіраўнікі БХД Дзяніс Садоўскі, Вольга Кавалькова і Павел Пракаповіч, вядомыя менскія экскурсаводы Павел Дзюсекаў і Валерыя Чарнаморцава, дырэктар інтэрнэт-крамы “Імбрык.бай” Алесь Мазанік, кіраўнік “Кінаконга” Андрэй Кім і многія іншыя.
У сёлетнім спаборніцтве найвышэйшую — і аднолькавую колькасць балаў набралі бацька пяці дзяцей, супрацоўнік прафсаюзу РЭП Ілля Дабратвор і журналістка “Новага Часу”, настаўніца танцаў Вікторыя Чаплева.
Дванаццаці пераможцам былі ўручаныя сапраўдныя вышыванкі, кнігі “Люблю Беларусь” і музычныя дыскі “Беларускі хрысціянскі хіт”.
Завершыцца выпуск трохдзённым “дыджэйскім” летнікам на Меншчыне.
Паводле bchd.info