Фэст, прысвечаны 150-годдзю паўстання Каліноўскага, адбудзецца на Астравеччыне

22 чэрвеня ў Астравецкім раёне адбудзецца музычна-літаратурны фэст, прысвечаны 150-годдзю паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Заезд а 13-й гадзіне, а 16-й пачатак праграмы.  



18337_640.jpg

Андрэй Хадановіч на мінулагоднем фэсце. Фота pan-t-joculator.livejournal.com

Месца правядзення — возера Кайміна. Каб даехаць да возера, трэба павярнуць з трасы Р-45 (Полацк-Вільня)  у вёску Вялікая Страча, праз 7 км у вёсцы Спонды збочыць на вёску  Кайміна Горная, 4 км гравейкі — і вы ля возера.

Чакаюцца барды — Зміцер Бартосік і Таццяна Матафонава (Мінск), Віктар Шалкевіч (Гародня), Алесь Наркевіч (Вілейка), Андрэй Мельнікаў (Гомель), Ігар Высоцкі (Ашмяны), Алег Мізула (Жодзішкі), Кастусь Герашчанка (Пліса); паэты — Усевалад Сцебурака, Анатоль Івашчанка, Міхась Скобла, Ігар Пракаповіч, Глеб Лабадзенка; музыкі — гурты "1863" і Тарас Кучынскі-Паравы з Мінску, "Людзі на балоце" і Алесь Дзянісаў з Гародні, "Пава" і Юрась Панкевіч, “Альта Ментэ” і Кацярына Ваданосава, “Балцкі Субстрат” і Максім Іўкін з Мінска.

Таксама на фэсце вы пачуеце Язэпа Янушкевіча, Ірыну Лой, Сяргея Башлыкевіча, Людмілу Кухарэвіч, Ігара Сімбірова, Івана Драўніцкага, Алеся Цыркунова і пабачыце рыцараў клуба “Freie Stadt”(Вольны Горад), з паказальным боем.

Для тых, хто плануе на Каймінскім возеры заставацца да рання, будзе прапанаваны прагляд фільмаў.

Фэст прысвечаны 150-годдзю паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Даведкі па тэлефоне 8-029-6752512, Алесь.