На чыгуначным вакзале Данецка яшчэ ахвяры
Каля 19.30 з другога (цэнтральнага) увахода ў чыгуначны вакзал Данецка была забіта жанчына. Як перадае наш журналіст Зміцер Галко, ніхто не можа патлумачыць, якім чынам яна загінула. Нехта кажа, што ад аскепка, нехта — ад кулі.
"Вакол жанчыны вельмі тэатральна бегаў мужчына і крычаў: паглядзі, Еўропа, што ты зрабіла. Асаблів мужчына пачаў шчыраваць, калі з'явіўся мой калега, французскі журналіст. Падобна на тое, што адмыслова ствараецца карцінка зверстваў украінскай арміі", — паведамляе Зміцер.
У доказ такой версіі можна прывесці і тое, што з гэтага боку вакзала проста немагчыма партапіць пад абстрэл АТА. Праваахоўныя органы ніякіх каментараў не даюць. Затое расійскія каналы ўжо паведамілі, што АТА праводзіцца супраць мірных жыхароў, якія гінуць пад агнём Нацгавардыі.
Пацвяржэннем таго, што мірных жыхароў пачалі забіваць баявікі ДНР, ёсць сведчанне відавочцы сайта "Остров". "Былі чуваць стрэлы. Невядомыя, мяркуючы па ўсім, прадстаўнікі самаабвешчанай ДНР, напалі на мясцовых жыхароў", — паведаміў відавочца.
А тым часам, з'явілася інфармацыя, што на Пуцілаўскім мосце Данецка быў расстраляны КАМАЗ з баявікамі "Аплота". Пасля таго, як быў забіты вадзіцель, машына перакулілася. Сярод баявікоў шмат забітых і параненых.