На думку экспертаў, беларуская мова знаходзіцца ў небяспецы

У “Атласе моў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, складзеным па ініцыятыве ЮНЕСКА, жыццяздольнасць беларускай мовы ў Беларусі абазначаная тэрмінам vulnerable — “слабая, у небяспецы.



cf77e1f8490495e9f8dedceaf372f969.jpg

У “Атласе моў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, складзеным па ініцыятыве ЮНЕСКА, жыццяздольнасць беларускай мовы ў Беларусі абазначаная тэрмінам vulnerable — “слабая, у небяспецы.
Апошняя версія атласа, выдадзеная ў 2010 годзе пры падтрымцы ўрада Нарвегіі, змяшчае каля 2500 моў. Для кожнай пазначаныя яе назва, узровень жыццяздольнасці і краіна або краіны, у якіх на ёй размаўляюць. Анлайн-выданне дае дадатковую інфармацыю аб колькасці носьбітаў кожнай мовы, неабходных мерах па яе захаванні, іншыя звесткі. Анлайн-версія даступная на сайце ЮНЕСКА.
Паказчыкі небяспекі
Лічыцца, што мова знаходзіцца пад пагрозай знікнення, калі не застаецца яе носьбітаў або калі яны перастаюць ёю карыстацца, усё радзей ужываючы ў розных сферах, і/або не перадаюць мову наступнаму пакаленню.
Не існуе аднаго паказчыка, па якім магчыма было б вызначыць, ці знаходзіцца мова ў небяспецы, але спецыялісты ЮНЕСКА распрацавалі дзевяць фактараў, якія трэба разглядаць у сукупнасці: агульная колькасць носьбітаў мовы, працэнт носьбітаў мовы ў агульнай колькасці насельніцтва, наяўнасць матэрыялаў для вывучэння мовы і набыцця навыкаў пісьменнасці, выкарыстанне мовы ў новых галінах і СМІ, выгляд і якасць дакументацыі, дзяржаўная палітыка ў дачыненні да гэтай мовы, у тым ліку афіцыйны статус і выкарыстанне, сферы ўжывання мовы, стаўленне чальцоў абшчыны да роднай мовы, перадача мовы ад пакалення да пакалення.
Спецыялісты распрацавалі наступную градацыю жыццяздольнасці мовы:
- слабая, у небяспецы,
- дакладна знаходзіцца пад пагрозай,
- у сур’ёзнай небяспецы,
- знаходзіцца пад пагрозай знікнення,
- мёртвая мова.
Такім чынам, у беларускай мовы ёсць два шляхі: далучыцца да мёртвых моў або выйсці з ліку тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
Лінгвісты не могуць вызначыць дакладную колькасць моў, якія зніклі на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва. Але ім удалося падлічыць колькасць, што знікла ў пэўных рэгіёнах, такіх, як Еўропа і Малая Азія (75 моў), ці ЗША (115 моў з 280, на якіх размаўлялі ў эпоху Хрыстафора Калумба). Некаторыя прыклады нядаўна вымерлых моў: бабінская саамская мова (акка), Расійская Федэрацыя — яе апошні носьбіт памёр у 2003 годзе; убыхская мова, Турцыя — знікла ў 1992 годзе; эякская мова, ЗША, Аляска — у 2008 годзе са смерцю апошняга носьбіта Мэры Сміт Джоўнс.
Як ратуюць мовы
На думку спецыялістаў, зніклую мову можна адрадзіць, калі ёсць неабходная дакументацыя і моцная матывацыя этнічнай абшчыны. У апошні час з'яўляецца ўсё больш і больш прыкладаў адраджэння моў, хоць шмат хто з лінгвістаў адрознівае адроджаныя мовы і тыя, на якіх размаўлялі пастаянна, без інтэрвалаў паміж пакаленнямі.
Што можна зрабіць, каб выратаваць мову ад знікнення? На гэтае пытанне лінгвісты даюць просты адказ: стварыць спрыяльныя ўмовы для таго, каб яе носьбіты размаўлялі на ёй і навучалі сваіх дзяцей гэтай мове. Часта для гэтага патрэбна пэўная палітыка дзяржавы. Паколькі асноўным фактарам з'яўляецца стаўленне членаў абшчыны да сваёй мовы, неабходна стварыць сацыяльнае і палітычнае асяроддзе, якое будзе спрыяць шматмоўю і павазе да моў, каб іх выкарыстанне стала перавагай, а не з'яўлялася недахопам. У цяперашні час існуюць мовы, якія практычна немагчыма захаваць, бо лік іх носьбітаў нікчэмна малы. Але лінгвісты могуць, па жаданні супольнасцяў, заархіваваць іх, каб яны не зніклі бясследна.
Паводле unesco.org падрыхтавала Святлана Цішко (www.rh.by)