«Нафтан» і «Палімір» пачалі выпускаць медыцынскі кісларод
Першыя партыі балонаў з кіслародам ўжо паступілі ў раённыя бальніцы. Шэраг прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім» цяпер выпускаюць прадукт не толькі для тэхнічных патрэб, але і вырабляюць кісларод для бальніц.
Яшчэ два прадпрыемствы ў Беларусі — «Нафтан» і «Палімір» — часткова перавялі свае магутнасці на выпуск медыцынскага кіслароду, першыя балоны ўжо адправіліся ў бальніцы да пацыентаў, паведамляе Telegram-канал «Веснік Нафтана».
«У сувязі з COVID-19 патрэба ў медыцынскім кіслародзе ўзрасла ў разы. Вытворчасць кіслароду высокай якасці на нашым прадпрыемстве забяспечваюць азотна-кіслародная ўстаноўка "Нафтана" і ў цэху №009 завода "Палімір"», — гаворыцца ў паведамленні.
Намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Нафтан» па камерцыйных пытаннях Глеб Макарэвіч распавёў, што цяпер стаіць задача забяспечыць Наваполацкую ЦРБ (куды і былі дастаўленыя першыя партыі вырабленага кіслароду) 200 балонамі за дзень.
Вядучым прадпрыемствам у краіне па вытворчасці медыцынскага кіслароду з'яўляецца ААТ «Крион», якое забяспечвае медыцынскім кіслародам больш за 100 медустаноў і газанапаўняльныя станцыі. Штодня тут вырабляецца каля 200 тон кіслароду для патрэб медыцыны, усе магутнасці пераведзены на выпуск гэтай прадукцыі.
Не так даўно да «Криона» далучыліся яшчэ некалькі прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім»: «СветлагорскХімвалакно», «Гродна Азот», «Нафтан» і «Палімір».
Прэс-служба Міністэрства аховы здароўя ў сярэдзіне кастрычніка паведамляла, што цяпер патрэба ў медыцынскім кіслародзе вырасла ў 4 разы.