«Напісаўшы на памілаванне, я растаптала б сябе духоўна». Ад Наталлі Хершэ прыйшлі першыя лісты з магілёўскай турмы

Грамадзянка Швейцарыі, палітзняволеная Наталля Хершэ паведаміла, што яе павінны вызваліць, з улікам пераразліку дзён у СІЗА, 27 студзеня 2023 года, піша «Радыё Свабода».

Наталля Хершэ

Наталля Хершэ


Наталля Хершэ адбывае пакаранне ў магілёўскай турме №4 з 27 верасня. Туды яе перавялі па рашэнні суду з гомельскай жаночай калоніі, дзе яна адмовілася шыць форму для сілавікоў.
Наталля паведаміла, што ў апошнія дні ў гомельскай калоніі яе зноў змясцілі ў ШІЗА, і ў магілёўскую турму пераводзілі ўжо адтуль.
«Ехалі ў цягніку каля 8 гадзін, даволі камфортна. Я была ў форменным адзенні калоніі і ў ватоўцы (дарэчы, супер рэч у гэтым выпадку). І хаця прыём, на мой погляд, крыху зацягнуўся, новае месца мне спадабалася», — піша Наталля.
Наталлю Хершэ пасялілі адну, як яна піша, у прасторнай камеры на шэсць месцаў.
«Далі добрую бялізну, добрую коўдру, але ў камеры прахалодна, пакуль не паляць. Харчаванне тут падобнае да харчавання ў калоніі, і, што вельмі важна, — ёсць выдатныя прагулачныя дворыкі».
Паводле Наталлі, яе хвалявала праблема з валасамі, патрэбнае гарманальнае лячэнне, і ёй даволі хутка прапанавалі кансультацыю ў спецыяліста.
Калі Наталля расклала ў камеры свае рэчы, то заўважыла, што некаторыя з іх зніклі: дзённік, які яна вяла ў СІЗА на Валадарскага і ў Жодзіне, таксама ў папраўчай калоніі №4, партрэты, якія яна малявала ў калоніі, сшыткі з яе пазнакамі падчас чытання «Архіпелага ГУЛАГ» і іншых кніг, падпісаныя на нямецкай мове паштоўкі, часопісы «Наша гісторыя», а таксама чыстыя аркушы А4.
«Рэжым майго ўтрымання строгі, і мне ён вельмі падабаецца. Мне дазволена: 1 гадзіна прагулкі, атаварка на 1 базавую, 1 раз на месяц тэлефонная размова, якая адбудзецца ў другой палове кастрычніка, адно на год кароткатэрміновае спатканне, маю права на тэлеграмы і на бандэроль 1 раз на год. Можна атрымліваць бандэроль з кнігамі, дазволена пасылка з садавіной 1 раз на месяц».
Наталля просіць даслаць ёй кнігі Напалеона Хіла і тыя, што падарыў амбасадар Швейцарыі Клод Альтэрмат, а таксама медыкаменты і вітаміны.
«Стаіць такое выдатнае надвор’е, прагулкі ўчора і сёння (дый увесь тыдзень) проста цудоўныя, — піша Наталля. — Вельмі хочацца даведацца вольныя навіны, таму і чакаю амбасадара. Чула па радыё пра сітуацыю з уцекачамі...»

«Мяне практычна немагчыма пакараць»

Наталля Хершэ піша, што яе першыя лісты да брата і дачкі з магілёўскай турмы не дайшлі. Першы ліст да дачкі вярнуўся, бо не прайшоў турэмную цэнзуру, хоць яна «не пісала на палітычныя тэмы».
«Мне патлумачылі, што тое, што я апісвала ў сваім лісце, ганьбіць існуючую ўладу. Вось толькі калі я кажу праўду, то хто вінаваты, што бачаць яны ў гэтым нейкую загану? Але добра, што бачаць!»
Наталля піша, што турма №4 у Магілёве ёй вельмі падабаецца.
«Адзінота мяне не гняце, харчаванне падобнае да харчавання ў калоніі, а дворыкі для шпацыраў — нельга адарваць вачэй».
Наталля таксама тлумачыць, чаму не напісала прашэння аб памілаванні.
«Напісаўшы на памілаванне, я растаптала б сябе духоўна. Было б вам усім лягчэй ад гэтага? Сумняваюся, — піша Натальля дачцэ. — Я разумею, што тэрмін вельмі нават рэальны, у сувязі з пераразлікам СІЗА дзень майго вызвалення — 27 студзеня 2023 года, але і ён скончыцца. Мне вельмі хочацца, каб ты бачыла больш пазітыву ў жыцці. Калі разгледзець мой выпадак, то турма — гэта не самае горшае, што магло б здарыцца, і наогул, магчыма, дзякуючы менавіта гэтаму „горшаму“ здарыцца нешта „лепшае“, што без першага ніяк не магло б адбыцца».
Наталля піша, што «няма толку гараваць».
«Я даўно ўсё адпусціла і атрымліваю асалоду ад жыцця, наколькі гэта тут магчыма. Мяне практычна немагчыма пакараць, бо, разумеючы непазбежнасць гэтага (процістаяць я не магу) мая свядомасць не працівіцца яму, а наадварот, знаходзіць у ім нешта добрае, — піша Наталля. — Ніколькі не хачу запісваць сябе ў пакутніцы, я не такая ўсё ж, весела ўспамінаю некаторыя выпадкі, якія адбыліся са мной у месцах майго папярэдняга знаходжання. Думаю, кніга магла б атрымацца нядрэнная».
Таксама Наталля Хершэ піша, што часта ўзгадвае сюжэты з мінулага жыцця: «як мы на кухні п’ем каву са „смятаньнікамі“ з Мігро».
«А яшчэ часам я ў думках гуляю па Санкт-Галену, дый наогул у маім уяўленні я ўжо шмат дзе пабывала, многіх пабачыла», — піша Натальля.
20 кастрычніка палітзняволеная Наталля Хершэ адзначыць другі свой дзень народзінаў за кратамі. Ёй споўніцца 52 гады.