Народнае апытанне: 70% беларусаў вераць, што Лукашэнка сыдзе цягам года
Ініцыятыва «Народнае апытанне» апублікавала 31 снежня вынікі апошняга ў 2020 годзе даследавання, паведамляе «Еўрарадыё».
Пра тое, што "пратэст праваліўся" думаюць толькі 13% апытаных, большасць жа ацэньвае вынікі акцый станоўча, хоць і прызнае: хацелася б дамагчыся крыху большага.
Галоўнымі дасягненнямі пратэстаў беларусы называюць з'яўленне салідарнасці, пачуццё адказнасці за сваю будучыню, падтрымку з боку краін Еўропы і тое, што "Лукашэнка нервуецца і робіць памылкі".
Цікава, што ў канцы снежня вырасла доля тых, хто чакае паляпшэння сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў краіне ў найбліжэйшай будучыні. Тых жа, хто прагназуе "згасанне" пратэстаў, робіцца менш.
Цікава і тое, што 4% апытаных думаюць, што Лукашэнка можа сысці цягам месяца. У цэлым жа 70% лічаць, што ён пакіне пасаду цягам года. На яго захаванне ва ўладзе цягам пяці і больш гадоў ставяць толькі 3% апытаных.
Названыя па выніках апытання ініцыятывы і героі года. У топ-5 увайшлі Марыя Калеснікава, Святлана Ціханоўская, Ніна Багінская, Раман Бандарэнка і ўсе беларусы.