«На 97 працэнтаў нашай краіны ў нас адно вялікае пажаданне»
«Калі ўлада памяняецца, мы вернемся». Гераіня беларускіх пратэстаў распавяла «Свабодзе» пра ад’езд і планы на будучыню.
Здымак затрымання 29-гадовай мінчанкі Яны стаў знакамітым. Яе затрымалі 20 верасня 2020 году ў Мінску пасля Маршу справядлівасці. Упэўненыя і спакойныя паводзіны дзяўчыны, якія вядуць пад рукі сілавікі ў чорным, сталі адным з сімвалаў беларускіх пратэстаў.
У інтэрв’ю для Радыё Свабода ў канцы верасня Яна казала, што будзе працягваць выходзіць на маршы. Так і было, пакуль у ноч з 10 на 11 снежня дзяўчына разам са сваім маладым чалавекам Арцёмам не выехалі ў Польшчу. Таму на традыцыйны нядзельны марш пара выйшла ўжо ў Варшаве.
«Усё законна, ніхто нікога не біў, нікога не затрымлівалі. Гэта самае вялікае ўражанне, — распавядае Яна пра нядзельную акцыю ў Варшаве. — Ніякіх людзей у чорным, нас толькі паліцыя папярэдзіла, каб шмат людзей разам не збіралася ў сувязі з эпідэміяй».
Рашэнне пакінуць Беларусь, кажа дзяўчына, спантанным не было.
«Пасля затрымання да мяне з’явілася падвышаная ўвага. Далей я ўжо зразумела, што калі я працягну сваю грамадзянскую пазіцыю выказваць, то альбо знікну бяз звестак, альбо сяду, — тлумачыць Яна. — Абодва варыянты былі не самымі захапляльнымі. Вырашылі з маім маладым чалавекам, што так будзе больш бяспечна».
Штуршком для ад’езду стала рашэнне ўладаў абмежаваць выезд з Беларусі. Пара выехала неўзабаве пасля таго, як інфармацыя пра гэта з’явілася ў СМІ.
«Мы перайшлі мяжу ў ноч з 10 на 11 снежня, — кажа Яна. — Выйшла пастанова, мы так і зразумелі, што варыянтаў не засталося, проста заціскаюць у кут. Сабралі валізкі і з’ехалі».
У папярэднім інтэрв’ю яна мала распавядала пра сваё асабістае жыццё, хаця шмат хто з каментатараў у сацсетках адразу прапаноўваў Яне сур’ёзныя стасункі.
Арцём перажывае, што ў дзень затрымання Яны не змог быць з ёй побач. Кажа, што ў той дзень увесь час сазвоньваліся, і ў нейкі момант тэлефон Яны аказаўся адключаны. Увесь вечар Арцём шукаў Яны па розных РУУСах, гадзіну сядзеў пад Акрэсціна. Яну вызвалілі праз суткі з Жодзіна, даўшы штраф 5 базавых велічыняў.
«Мне прыйшла смс, што тэлефон Яны даступны. Я перазвоньваю, Яна адказвае — і мае эмоцыі цяжка апісаць, — распавядае Арцём. — Я быў такі шчаслівы, што яна жывая і здаровая».
Да папулярнасці Яны Арцём ставіцца дваіста. Моцна перажывае за бяспеку дзяўчыны, да таго ж чытаў негатыўныя каментары пад артыкуламі пра яе, і яго такія каментары засмучаюць. Рашэнне Яны з’ехаць з Беларусі Арцём падтрымлівае.
«Яе маглі альбо пасадзіць, альбо знайсці ў канаве, — кажа ён. — З гэтай уладай няма чаму здзіўляцца. Таму я рашэнне Яны падтрымаў, дый мяне тут таксама ўжо нічога не трымала».
Польскай мовы маладыя людзі не ведаюць. Кажуць, што з палякамі размаўляюць па-беларуску. «Да беларусаў ставяцца адэкватна, — кажа Арцём. — Па-руску тут лепш не размаўляць».
У Варшаве пара з 22 снежня. Уздыхаюць, што нават не паспелі яшчэ агледзецца, зразумець, што з імі адбылося.
«Пакуль прызвычайваемся, — кажа Яна. — Беларусаў, такіх як мы, тут нямала. Мы звярталіся па дапамогу ў Беларускі дом у Варшаве. Нават у нядзелю ён працаваў, там шмат было людзей. Шмат хто мае патрэбу ў дапамозе і яны яе атрымліваюць. Прыемна, што ім дапамагаюць».
«Калі ўлада памяняецца, мы вернемся, — кажа Арцём. — Пакуль будзем старацца жыць наноў».
Тое, што здарылася, на іх стасункі паўплывала станоўча. «Мы ўсё вырашаем разам, — кажа Арцём. — Узяць той жа пераезд. Гэта ж няпростае мерапрыемства. Калі складанасці ўзнікаюць, таксама ўсё разам вырашаем. У нас моцныя стасункі цяпер».
Навагоднія пажаданні ў Яны і Арцёма супадаюць.
«Я жадаю ўсім заставацца такімі ж невераемнымі, такімі ж моцнымі духам, — кажа Арцём. — Усе гэтыя падзеі ў Беларусі сапраўды паказалі, хто ёсць хто. Я рады, што беларусы так з’ядналіся. З Новым годам усіх. Жыве Беларусь!».
«Я дакладна ведаю, што на ўсе 97 працэнтаў нашай краіны ў нас адно вялікае пажаданне, — працягвае Яна. — І я ўпэўненая, што год пацука, які сыходзіць, забярэ асноўнага пацука з сабой і нашае жаданне збудзецца».