«Нас абрабавалі» — у цэнтры Менску адбыўся шматлюдны пікет
Пікет 30
красавіка зладзілі дольнікі будаўніцтва менскага гандлёвага цэнтру «Імпульс-2».
Яны сцвярджаюць, што ў працэсе будаўніцтва іх падманулі, паведамляе Tut.by. Акцыя працягвалася каля гадзіны і скончылася без затрыманьняў.
«Мы будавалі за свой кошт будынак, яго 27-га прадалі кампаніі, якую ўзначальвае сябар прэзідэнта. Нас абрабавалі. Пры гэтым нашу праблему можна вырашыць адным тэлефанаваннем — ад прэзідэнта, — кажа адзін з дольнікаў Аляксандр. — Чаму нам не аддаць тое, што мы будавалі, а астатнюю частку будынку хай прадае сваім сябрам. Як маглі прадаць нашае?»
Канфлікт вакол будынку «Імпульс-2» цягнецца некалькі гадоў. Будаўніцтва адбывалася на сродкі індывідуальных прадпрымальнікаў, але цэнтар ня быў уведзены ў эксплёатацыю.
Новы ўладальнік кампанія «Магнат Трэйд» набыла будынак у растэрміноўку на 3 гады. Мяркуецца, што ўкладаньні будуць кампэнсаваныя прыватным інвэстарам за кошт бюджэту.
svaboda.org