Настаўніцу з Клімавічаў вызвалілі ад адміністрацыйнай адказнасці за абразу беларускай мовы

Іну Кардабнёву, якая стала вядомай праз выказванні аб неабавязковасці беларускай мовы ў школах, пазбавілі адміністрацыйнай адказнасці. Клімавіцкі райвыканкам паведаміў, што яна раскаялася ў сваіх паводзінах, перадае Белсат.

e1c32bea_e737_413d_80ff_bdbc6a4af888_cx0_cy3_cw0_w1080_h608.jpg

«Не ставіла мэтай абразіць кагосьці»

Прадстаўнікі Клімавіцкага райвыканкаму зазначылі, што па відэароліку была праведзеная праверка. У афіцыйным адказе, які атрымала актывістка грамадзянскай ініцыятывы «Умовы для мовы» Аліна Нагорная, указана, што з Кардабнёвай была праведзеная гутарка па недапушчальнасці падобных выказванняў.
«Іна Кардабнёва ўсведамляе сваю вінаватасць у тым, што ўжыла абразлівыя выразы ў дачыненні да прадмета беларуская мова, і шчыра раскайваецца, што сваімі дзеяннямі абразіла беларускую мову як адну з дзяржаўных моваў Рэспублікі Беларусь. Таксама яна падкрэсліла, што не ставіла перад сабой мэты кагосьці абразіць асабіста», – пішацца ў лісце.
Іна Кардабнёва выдаліла ролік са свайго YouTube-канала, а таксама выбачылася перад падпісантамі ў сваіх сацыяльных сетках. На падставе гэтага Клімавіцкі райвыканкам вырашыў вызваліць яе ад адміністрацыйнай адказнасці, прадугледжанай артыкулам 9.22 («Законам аб мовах») Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях.

Рашэнне будзе абскарджвацца

Ёй павінны былі даць 4 базавых з улікам усіх гэтых публічных выбачэнняў – гэта мінімальнае пакаранне па гэтым артыкуле. Выбачэнні не вызваляюць ад адказнасці. Мы абскардзілі рашэнне ў аблвыканкаме, у хуткім часе дашлём заяву ў пракуратуру. Падобная сітуацыя ўжо была з Дзмітрыем Шчарбатым з Мазыра, і тады прыцягнулі да адказнасці і чалавека з выканкаму, які павінен быў даць штраф за абразу беларускай мовы, і таго, хто абразіў. Мяркую, што тут будзе тое самае, – кажа Аліна Нагорная.
Калі вы мяркуеце, што вашыя моўныя правы парушаюцца, вы можаце напісаць адмысловы зварот. На сайце umoby.by ёсць інструкцыя, што рабіць у такіх сітуацыях.
Іна Кардабнёва працуе інструктарам-метадыстам у Клімавіцкай ДЮСШ і вядзе YouTube-канал. На ім 21 сакавіка яна апублікавала відэаролік, у якім у абразлівай форме адгукалася пра беларускую мову.
Ксенія Тарасевіч belsat.eu