Наталля Батракова: «Ідзе вайна з уласным народам»

Пісьменніца Наталля Батракова патлумачыла, чаму не паедзе на Дзень пісьменства. «Я не рэвалюцыянерка па характары, але гэта мая пазіцыя, я не хачу хлусіць сама сабе!» — так Наталля Батракова патлумачыла «Свабодзе» сваё рашэнне і публічны допіс пра яго ў Facebook

Натальля Батракова

Натальля Батракова

«Ідзе вайна з уласным народам, паляванне на “ведзьмаў”, шэрагі якіх можа папоўніць любы, хто адкрыта выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю, нягледзячы на ўзрост, заслугі, стан здароўя», — напісала пісьменніца.

6 верасня ў Бялынічах мае прайсці Дзень беларускага пісьменства.

«Бялынічы — мая малая радзіма. Я там нарадзілася, там прайшло маё дзяцінства, станаўленне светапогляду, выпрабаваныя першыя перамогі і паразы. Мяне там любяць, мною ганарацца. Гэтак жа, як я люблю родны горад, ганаруся сваімі землякамі... Але ў цяперашняй сітуацыі маё сумленне не дазваляе мне прысутнічаць на мерапрыемстве, дзе старанна будуць рабіць выгляд, што ў краіне нічога не адбываецца... Дарагія землякі, дарагія чытачы! Я хачу быць сумленнай перад вамі і перад сабой... Прабачце, але ў гэтую нядзелю мы з вамі не ўбачымся. У маёй душы няма свята. Пакуль няма. Але я веру, што яно будзе, і мы абавязкова сустрэнемся!» ❤️, — напісала Наталля Батракова.