Наталля Хершэ ўжо ў магілёўскай турме

Палітзняволеная Наталля Хершэ, грамадзянка Беларусі і Швейцарыі, прыбыла ў магілёўскую турму № 4 з гомельскай жаночай калоніі, перадае «Радыё Свабода».

Фота: акаўнт пасла Швейцарыі ў Беларусі Клода Альтэрмата ў Twitter

Фота: акаўнт пасла Швейцарыі ў Беларусі Клода Альтэрмата ў Twitter

Пра гэта паведаміла брату палітзняволенай Генадзю Касьяну адміністрацыя турмы.
Як гаворыцца ў адмысловым лісце, Наталля Хершэ адбывае пакаранне ў турме № 4 з 27 верасня.
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 24 верасня разгледзеў справу «Аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змяненні ўмоў рэжыму» адносна палітзняволенай Наталлі Хершэ. Справу суддзя Мікалай Крупадзёраў разглядаў на выязным пасяджэнні ў жаночай папраўчай калоніі, дзе Наталля адбывае тэрмін. Пра рашэнне суда брат Наталлі даведаўся толькі 27 верасня.
Цяпер цягам года Наталля мае права на адно кароткатэрміновае спатканне, можа атрымаць адну бандэроль альбо адзін дробны пакет. Грашовыя пераводы і лісты затое Наталлі можна слаць «без абмежавання».
У лісце гаворыцца, што асуджаная паведаміць брату, калі яму прыбыць на спатканне і як яно будзе адбывацца. Таксама яна паведаміць пра асартымент і вагу бандэролі і дробнага пакета, а таксама пра парадак іх перадачы.
У выпадку, калі Наталлю пазбавяць права на кароткатэрміновае спатканне, яна паведаміць пра гэта брату «ва ўстаноўленым парадку».
Таксама Генадзь Касьян атрымаў адказ на зварот да адміністрацыі гомельскай жаночай калоніі адносна скаргаў Наталлі Хершэ. Сярод іншага — адносна таго, што палітзняволеную пазбаўляюць адрасаванай ёй карэспандэнцыі і што не адправілі яе скаргу на імя генпракурора ад 15 ліпеня гэтага года. Змест скаргі брату пакуль не вядомы.
У лісце адміністрацыі калоніі гаворыцца, што ўсе заявы Наталлі «накіраваны ў адпаведныя органы ва ўстаноўленым законам парадку». Адказы на прапановы, заявы і скаргі ўручаныя асуджанай. Што да лістоў, то карэспандэнцыя выдавалася асуджанай Наталлі Хершэ «адпаведна з дзейным заканадаўствам».
Паводле Генадзя, гэты адказ — «фармальная адпіска».