«Naviband» выступяць у падтрымку людзей з інваліднасцю з дамоў-інтэрнатаў

Акустычны канцэрт-размова гурта «Naviband» адбудзецца 11 чэрвеня ў 20:00 анлайн на платформе artist.gives.

navi_afisha.png


Арганізатары — Асамблея НДА і платформа для правядзення анлайн-канцэртаў Artist.gives — абяцаюць шмат музыкі і спеваў, але важнай часткай імпрэзы стане нефармальная гутарка з музыкамі. Разам з Ксюшай і Арцёмам можна будзе абмеркаваць сітуацыю, у якой аказаліся слабыя і ўразлівыя грамадзяне — дзеці і людзі з інваліднасцю, якія жывуць у дамах-інтэрнатах. Іх голас не чутны за зачыненымі на самаізаляцыю дзвярыма інтэрнатаў, і з дапамогай музыкаў мы агучым іх патрэбы, болі і спадзяванні.
Падчас канцэрту да музыкаў на некаторы час далучацца прадстаўніца сацыяльна-дабрачыннай установы “Ёсць справа” Таццяна Герасімава. Слоган цяперашняй кампаніі арганізацыі гучыць так — там, дзе ёсьць людзі, там ёсць каронавірус. У дадзены момант “Ёсць справа” супольна з “Офісам па правах людзей з інваліднасцю” праводзіць кампанію збору сродкаў на дапамогу супрацоўнікам і людзям з інваліднасцю, якія пражываюць у псіханеўралагічных дамах-інтэрнатах для састарэлых, а таксама для дамоў-інтэрнатаў для дзяцей і маладых людзей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця #covid19ПНИ.
Гэтым канцэртам Асамблея НДА, платформа Artist.gives і гурт “Naviband” хочуць падтрымаць збор сродкаў на патрэбы дамоў-інтэрнатаў у часе каронавірусу. Гледачы змогуць далучыцца да гэтай ініцыятывы на канцэрце і ахвяраваць на добрую справу праз MolaMola.