«Не дасылайце ніякіх прапаноў, акрамя адной: Лукашэнка павінен сысці», — Святлана Ціханоўская
«Ніякая канстытуцыйная рэформа пры Лукашэнку немагчымая», — так Святлана Ціханоўская пракаментавала затрыманне Анатоля Лябедзькі.
Святлана Ціханоўская ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале пракаментавала затрыманне Анатоля Лябедзькі, які працавай над праектам канстытуцыйнай рэформы.
«Рэжым у які раз паказаў, што яго словы нічога не значаць. Ён заяўляў пра гатоўнасць правесці канстытуцыйную рэформу, — але пры гэтым сёння быў затрыманы Анатоль Лябедзька, які каардынаваў працу грамадскай Канстытуцыйнай камісіі. Гэтая камісія рыхтавала праект дэмакратычных зменаў і дапаўненняў да Канстытуцыі 1994 года. Яго затрыманне паказала: ніякая канстытуцыйная рэформа пры Лукашэнку немагчымая. Не дасылайце яму ніякіх прапаноў, акрамя адной: Лукашэнка павінен сысці.
Некалькі дзён таму я прызначыла Анатоля Лябедзьку сваім прадстаўніком па працы над канстытуцыйнай рэформай. Ён усведамляў рызыку, на якую ідзе, застаючыся ў Беларусі, але нават не разглядаў варыянт выезду з краіны. Як і Марыя Калеснікава, ён прыняў рашэнне заставацца і працаваць у Беларусі. Гэта смелы ўчынак — дзейнічаць адкрыта, не хаваючыся. Хавацца ад народа даводзіцца толькі прадстаўнікам старога рэжыму. А нам, большасці народа Беларусі, няма чаго хаваць. Беларусы не баяцца. Беларусы ведаюць, што на месца пазбаўленага фізічнай свабоды ўстануць двое. І таму нас ужо не спыніць. Мы пераможам».