«Нечаканы попыт». У амбасадзе Літвы спынілі выдачу льготных візаў на перапахаванне паўстанцаў 1863 году

Амбасада Літвы ў Беларусі прыпыніла рэгістрацыю на выдачу льготных візаў для наведвання жалобных імпрэзаў у Вільні, звязаных з перапахаваннем парэшткаў паўстанцаў 1863 году. Пра гэта распавядае Радыё Свабода

6b23e7e3_07e3_44f3_a930_169a5998061e_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg

Пра гэта гаворыцца на сайце дыппрадстаўніцтва.
Ад пачатку планавалася, што заяўкі на індывідуальную візу можна будзе падаваць у электронным выглядзе да 5 лістапада ўключна.
Як патлумачылі Свабодзе ў літоўскім кансулаце ў Менску, рашэнне звязана з надзвычай высокай актыўнасцю беларусаў – на гэты момант ужо аформлена больш за 1000 візаў, і колькасць ахвотных не зніжаецца. Прадстаўнікі амбасады пакуль ня ведаюць, прыпынена працэдура рэгістрацыі цалкам або ўсё ж будзе адноўленая.
У размове з карэспандэнтам Свабоды супрацоўнікі кансулату выказалі жаданне дапамагчы ўсім ахвотным, аднак пры гэтым наракаюць на непрыстасаванасць да збору такой колькасці людзей на старых могілках Росы, дзе маюцца перапахаваць паўстанцаў, што вялікая колькасць людзей там ня змесціцца фізічна.
Асноўныя падзеі, прымеркаваныя да цырымоніі развітання з лідарам паўстанцаў Кастусём Каліноўскім і ягонымі паплечнікамі, прызначаныя на 22 лістапада ў Вільні.