Новы год былых палітвязняў: на працы і без шампанскага

Мікалай Аўтуховіч кіраваў з дому таксоўкамі, Эдуард Лобаў мусіў устрымацца ад шампанскага, Уладзь Яроменак няньчыў сямімесячную дачку



novyi1.jpg

Як сустрэлі Новы 2015 год былыя палітвязні? Успамінамі пра адзначэнне мінулага Новага году ў вязніцы і планамі на сустрэчу Новага 2015 году падзяліліся са Свабодай былыя палітвязні Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў і Уладзь Яроменак.
Напярэдадні былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч падзяліўся плянамі на сустрэчу Новага году:
«Планы такія, што прыйдзецца працаваць. На сённяшнюю ноч будзе шмат працы, а дыспетчар не мае шмат досведу, таму буду ёй дапамагаць».
Падрыхтоўкай да працы ў навагоднюю ноч прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч займаўся ўсе перадсвяточныя дні. Паводле ягоных планаў, мусілі выйсьці на лінію большасць ягоных таксовак, але некаторыя яшчэ рамантаваліся. Вось і ў момант майго званка Мікалай чакаў, калі прывязуць запчастку для машыны, якая стаяла на пад’ёмніку.
У навагоднюю ноч Мікалай Аўтуховіч збіраўся працаваць з дому, бо з яго дагэтуль ня зняты прэвентыўны нагляд і яму нельга ноччу выходзіць на вуліцу. «Сучасныя сродкі сувязі гэта дазваляюць», — патлумачыў Мікалай Аўтуховіч.
Пра мінулы Новы год у гарадзенскай турме былы палітвязень згадваць не захацеў, а вось пра тое, як сустракаюць Новы год у івацэвіцкай калоніі, дзе ён адбыў два гады, успаміны засталіся:
«У калоніі нейкія тарты рабілі самі, гуртаваліся, віншавалі адзін аднаго. Там дазвалялі паўночы не спаць, рабіць канцэрт, і пад’ём быў на гадзіну ці дзве пазней. Вось і ўсе асаблівасці».
Мікалай Аўтуховіч прыспешыў нашу размову, бо чакаў званка наконт рамонту, і на развітанне павіншаваў каманду Свабоды і ўсіх яе слухачоў з надыходзячым Новым годам.
Увечары 31 снежня я датэлефанаваўся таксама да маладафронтаўца Эдуарда Лобава, які выйшаў на волю толькі 12 дзён таму. Эдуард паведаміў, што ўжо ўладкаваўся на працу, а Новы год будзе сустракаць, як кажуць, у сямейным коле — з маці, айчымам, братам. Гэтай магчымасці — сустракаць Новы год дома за святочным сталом — Эдуард Лобаў быў пазбаўлены 4 гады. Дарэчы, пэўныя абмежаваньні засталіся для Лобава і гэтым разам: як былому асуджанаму, які пастаўлены на прэвэнтыўны нагляд, яму забаронена выходзіць з дому з вечара да раніцы, таму пайсці разам з сям’ёй да святочнай ёлкі на вуліцы ён ня зможа. Да таго ж Эдуарду нельга ўжываць спіртныя напоі, у тым ліку і дома. Такім чынам, нават шампанскае за навагоднім сталом яму не свеціць. Чаму гэтак строга?
«Бо міліцыянты могуць прыйсці для праверкі, а па мне ж не вызначыць, ці я ўжываў спіртное на вуліцы, ці дзе, таму забарона цалкам — нельга, і ўсё. Але для мяне гэта не асаблівая страта. Я без алкаголю добра абыходжуся. Вось ужо ўладкаваўся на працу, буду працаваць кур’ерам на фірме. Пасля святочных дзён ужо пачну працаваць».
Напярэдадні Новага году Эдуард Лобаў дакладна ведаў, што не будзе глядзець па тэлевізары навагоднія выступы ні Аляксандра Лукашэнкі, ні Уладзімера Пуціна, а паспрабуе знайсці нейкі музычны тэлеканал.
2014 год маладафронтавец Уладзь Яроменак сустракаў у баранавіцкім арыштным доме. Цяпер Яроменак на волі. Новы 2015 год будзе сустракаць у Мінску з жонкай Валянцінай і сямімесячнай дачкой Арынкай, з якой яму вельмі падабаецца нянчыцца. «Буду нянчыць і цяпер. Зразумела, да застолля. Бо, спадзяюся, ноччу яна будзе спаць», — пажартаваў былы палітвязень. Пра Новы год у Баранавіцкім арыштным доме Ўладзь згадаў гісторыю пра няўдалую спробу чатырох вязняў змайстраваць святочную ёлачку:
«Мы з хлопцамі захацелі змайстраваць ёлачку, каб быў нейкі святочны настрой у камеры. Але супрацоўнікі зрабілі ператрус, забралі тое, што мы падрыхтавалі для ёлкі, і свята было крыху сапсаванае. Афіцыйная прычына была тая, што забаронена нешта вырабляць саматужным чынам. А загатоўкамі былі звычайныя поліэтыленавыя пакункі, якія наразаюцца на стужкі, робяцца быццам іголкі, потым такія стужкі намотваюцца на стрыжань з паперы, і выходзіць ёлка».
2015 год Уладзь Яроменак сустрэне з прыгожай, але таксама штучнай ёлкай, якую разам з жонкай і дачкой яны набылі ў краме. Чаму вырашылі набыць штучную? «Каб была з намі і ў наступны Новы год і каб застрахавацца ад розных форс-мажораў», — патлумачыў Уладзь Яроменак.