«Ну што, бл…і польскія! Цяпер у гэтых сценах у вас правоў няма»

Стала вядома пра новыя формы катавання, з якімі сутыкаюцца вязні на Акрэсціна. Пра гэта «Белсату» распавёў чалавек, які нядаўна выйшаў з мінскага ізалятара пасля арышту ў межах адміністрацыйнай справы за ўдзел у пратэстах.

kraty_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas3.jpg

Суразмоўца быў на Акрэсціна ў красавіку.
«Мы зайшлі ў Акрэсціна, і людзі ў балаклавах нам адразу сказалі: "Ну што, бл…і польскія! Цяпер у гэтых сценах у вас правоў няма. Будзеце вы…цца — будзеце сядзець у карцарах. Зразумела?"», — перадае словы супрацоўнікаў былы вязень.
Тым, хто не адказаў адразу, некалькі разоў ударылі па лытках. Паводле суразмоўцы, білі «цярпіма», бо «калі прымалі, білі мацней».

Хлорка — штодня

Спачатку зняволеным пад відэакамерамі выдалі прасціны, каб накрыць матрацы, але перад уваходам у камеру бялізну забралі. Тым, хто абураўся, прыгразілі карцарам.
У камеры на чатыры ложкі было 18 чалавек. Людзі спалі на падлозе, але перадусім стаялі, бо месца ўсім не хапала. Калі частка спала, частка стаяла, каб даць паспаць іншым. Не было ні матрацаў, ні падушак.
Вязням амаль не давалі спаць. Увесь час — і ўдзень, і ўночы — было ўключанае святло. А кожныя 1,5-2 гадзіны, у тым ліку ноччу, іх змушалі называць прозвішча, імя, імя па бацьку. Таксама штодня ўлівалі адзін тазік хлоркі, каб вучыліся «Ціханоўскай лецішча мыць».
«Калі хтосьці ўдзень спаў на падлозе і яны гэта бачылі, адчынялі камеру і адразу вылівалі тазік хлоркі», — распавёў суразмоўца.

«У змагароў усё добра»

Чалавеку з эпілепсіяй на яго скаргі доктарка сказала, што «ў змагароў усё добра». За ўвесь час медыцынскую дапамогу яму аказалі толькі адзін раз: калі здарыўся прыпадак і пайшла пена з роту, яму далі таблеткі. Шпіталізаваць адмовіліся, кажа суразмоўца.
Паводле яго, насупраць была камера «палітычных» жанчын, таксама перапоўненая. Калі яны пачалі скардзіцца на антысанітарыю, ім у камеру кінулі бяздомную. Жанчыны пачалі крычаць, і ім вылілі тазік хлоркі, але бяздомнай не вывелі.
«Каб падтрымаць дзяўчат, мы ўсёй "хатай" сталі спяваць "Магутны Божа", "Тры чарапахі". Нас вывелі на расцяжку і самых актыўных сталі збіваць. Пасля некаторых паслалі ў карцар», — распавёў былы вязень.
Тым, каго моцна збілі, хацелі дадаць яшчэ сутак арышту, каб сінякі паспелі сысці.
З усіх перадач, што давалі сваякі, вязням аддавалі толькі па дзве-тры торбы на тыдзень, «каб не здохлі з голаду».
У непалітычных жа ў гэты час былі і матрацы, і перадачы.

Спробы вербавання

Суразмоўца адзначае, што з супрацоўнікаў Акрэсціна найбольш агрэсіўнымі былі тыя, хто насіў балаклавы — каля дзесяці чалавек. Але нават сярод іх вылучаўся маёр у балаклаве, на якога нават нельга было глядзець. За інтэрв’ю для медыя па выхадзе з вязніцы абяцалі пасадзіць.
Толькі адзін супрацоўнік адкрываў «кармушку» ў дзвярах, каб у камеру заходзіла хоць якое свежае паветра. Але рабіў, пакуль не бачыла начальства.
Падчас зняволення вязняў па адным выклікалі да аператыўнікаў, якія спрабавалі іх завербаваць.
«Ты даседжваеш суткі. Прыходзіш да нас. Мы даём табе сцяжок, трафарэцікі, укліньваем у сакрэтны чат. Ты праходзіш праверкі, уступаеш, ходзіш некалькі разоў на мітынг, знаёмішся, а на трэці-чацвёрты раз выклікаеш нас. Табе за гэты будуць плюсікі», — перадае суразмоўца словы аператыўнікаў.
Выйшаўшы з вязніцы, мужчына даведаўся, што ў яго акаўнтах у сацсетках нехта днямі быў онлайн. Кантроль над імі страчаны.