Па інфармацыі літоўскай пагранслужбы, беларускі памежнік незаконна перасёк мяжу Літвы

Колькасць мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна трапіць у Літву ў суботу, 11 верасня, была самай нізкай на гэтым тыдні. Зарэгістраваны выпадак, калі беларускі памежнік меркавана незаконна трапіў на літоўскі бок.

litva_granica_x_0.jpg


Як паведамляе naviny.online са спасылкай на delfi.lt, за мінулыя суткі памежнікі не пусцілі ў Літву каля дзесяці мігрантаў з тэрыторыі Беларусі. Гэта самая нізкая колькасць такіх людзей на гэтым тыдні. У пятніцу і сераду іх было каля 40, каля 50 — у чацвер, каля 20 у аўторак і каля 30 — у панядзелак.

У суботу ні адзін нелегал на тэрыторыю Літвы не трапіў. Апошні раз мігранта ў краіну пусцілі два тыдні таму — па гуманітарных прычынах. У мінулыя суткі каля 10 мігрантаў з Беларусі падышлі да літоўскай мяжы ў двух раёнах Літвы — Ігналінскім і Швенчанскім. Упершыню на гэтым тыдні мігрантаў не было ў Лаздзіяйскім раёне, праз які каля паловы замежнікаў, якія ідуць з Беларусі ў Заходнюю Еўропу, спрабавалі перасекчы мяжу ЕС.

У суботу ў Шальчынінкскім раёне быў зафіксаваны выпадак, калі адзін з двух памежнікаў, якія патрулююць з беларускага боку, магчыма, перасёк мяжу, апынуўся на кантрольнай паласе з літоўскага боку і адразу ж вярнуўся на тэрыторыю сваёй краіны. У Варэнскім памежным атрадзе САДМ пачата дасудовае расследаванне па факце незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы.